Общество

Фэйк на АНТ: «Ціханоўскія атрымалі долю ў кампаніі сям’і Бабарыкі задоўга да выбараў».

14 красавіка тэлеканал АНТ паказаў у эфіры чарговае «расследаванне» — пра тое, што сям’я Ціханоўскіх мела долю ў адным з бізнэсаў сям’і Бабарыкі. А гэта, маўляў, сведчыць пра тое, што падзеі лета 2020 года — не выпадковасць, піша Наша Ніва.

Падчас рэгістрацыі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына доўга абмяркоўвала з калегамі, ці ўсе прадастаўленыя дакументы адпавядаюць рэчаіснасці.

Сярод іншага Ярмошына сказала, што Ціханоўская нібыта не ўказала сваю долю ў нейкай кампаніі «Хайв Проджэкт». Выглядала, Святлана не надта разумела, пра што ідзе гаворка. Яна пачала тлумачыць, што яе фірма ўсё адно ліквідоўваецца, таму, маўляў, яе і не ўказвалі… Аднак у выніку яе ўсё адно зарэгістравалі кандыдатам.

«Хайв Проджэкт» — юрыдычная асоба, якая была заснавальнікам краўндфандынгавай платформы «Улей». Яе тварам быў Эдуард Бабарыка, сын Віктара Бабарыкі.

«Ціханоўскія за нешта атрымалі долю ў кампаніі сям'і Бабарыка задоўга да выбараў, акцыі аформілі на Святлану. А працавалі ў гэтай кампаніі ў асноўным тыя, хто цяпер атачыў Ціханоўскую ў Вільні. Карач са сваімі кантактамі ў апазіцыйным асяроддзі кажа, што нічога дзіўнага няма, усе ўсё разумеюць. Акрамя нібыта незалежных парталаў, якія ва ўпор адмаўляюцца капаць у зададзеным кірунку», — заявіў у эфіры АНТ вядучы Ігар Тур.

Капаць насамрэч нескладана, дастаткова замовіць дзве выпіскі з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрамальнікаў. Працэдура каштуе 29 рублёў, і даступная любаму грамадзяніну, у тым ліку Ігару Туру.

Такім чынам, што за таварыства з абмежаванай адказнасцю «Хайв Проджэкт»?

З даты заснавання, 18 сакавіка 2015 года, яго ўласнікам быў ТАА «Прававы дыялог» (да яго мы вернемся пазней). У чэрвені 2015 года дадаліся яшчэ два ўласнікі, грамадзяне Беларусі Андрэй Васін і Антон Марозаў. Усе яны былі гаспадарамі да жніўня 2019 года, калі прадалі (ці падарылі, не мае значэння) свае актывы латвійскаму акцыянернаму таварыству «МВС Інвестмент».

Уласнікі «Хайв Проджэкт»

Як відаць, пра Ціханоўскіх ніякай згадкі няма. Можа, яны былі гаспадарамі «Хайв Проджэкта» праз долю ў «Прававым дыялогу»?

У гэтай кампаніі ўласнікаў больш: Аляксей Герашчанка (7,5%), Андрэй Харлановіч (7,5%), Эдуард Бабарыка (7,5%), Антон Марозаў (10%), Святлана Дабралёт (15%). Ёсць і юрыдычныя асобы — непасрэдна «Белгазпрамбанк» (10%), латвійскае акцыянернае таварыства «МВС Інвестмент» (17,5%), яшчэ адно латвійскае акцыянернае таварыства «Алдзі Проджэктс» (25%).

Уласнікі «Прававога дыялогу»

І чыста для гісторыі згадаем былых акцыянераў: Сяргей Дабралёт, «Балтыяс Інвестыцыю Група», «Латвійскае Інвестыцыйнае агенцтва Ауструму Тылтс» і страхавая кампанія «Бі Энд Бі Іншурэнс».

Але Ціханоўскіх зноў няма. Як так? Справа ў тым, што яны па стане на лета 2020 года насамрэч ліквідоўвалі сваю фірму — «Вясёлку забаваў». Толькі гэта абсалютна іншая юрыдычная асоба, якая не мае нічога агульнага з Віктарам Бабарыкам.

У ліпені 2020 года Лідзія Ярмошына зблытала «Вясёлку забаваў» і «Хайв Проджэкт». Але навошта АНТ амаль праз год выцягвае яе памылку і робіць з гэтага «расследаванне», застаецца незразумелым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)