Политика
Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY

Еўракамісар Фюле праігнаруе ў Беларусі кандыдатаў на прэзідэнта

Падчас візіту ў Беларусь 14-15 лістапада еўракамісар па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфан Фюле не будзе сустракацца з кандыдатамі на пасаду прэзідэнта. Пра гэта TUT.BY паведаміла прэс-сакратарка камісара Анка Падарару.

Штэфан Фюле. Фота: radio-dukagjini.com

“Галоўная мэта візіту Штэфана Фюле палягае ў тым, каб выказаць падтрымку беларускаму народу і грамадзянскай супольнасці ў гэты важны момант у палітычным жыцці краіны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў”, — паведаміла прадстаўніца Еўракамісіі.

Плануецца, што ў Мінску еўракамісар сустрэнецца з прадстаўнікамі арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Нагадаем, сёлета Штэфан Фюле ўжо быў у Беларусі. Падчас двухдзённага візіту 8-9 ліпеня было агучана аб намеры стварэння Сумеснага прамежкавага плана — “дарожнай карты” далейшых узаемадачыненняў Беларусі і Еўразвяза, мэта якога — правядзенне ў нашай краіне рэформаў у сферы палітыкі, дэмакратыі і правоў чалавека, судовай сістэме і эканоміцы. Наўзамен ЕЗ абяцае стаць больш адкрытым для супрацоўніцтва з Беларуссю і даступным для беларускіх грамадзян.

На думку экспертаў, менавіта Сумесны прамежкавы план, які ўжо падрыхтаваны Еўракамісіяй, і стане галоўным прадметам перамоваў паміж Фюле і Мартынавым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)