Экс-дэпутат Дылеўскі асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, экс-гендырэктар Беларускага марскога параходзтва Генадзь Дылеўскі асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі за падбухторваньне да даваньня хабару ў памеры 75 тыс. даляраў ЗША. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі 29 лістапада ў Менску заявіў генэральны пракурор Беларусі Пётра Міклашэвіч.

Хабар меркавалася перадаць службовым асобам выканаўчых органаў за «палагоджаньне пытаньня аб выдзяленьні зямельнага ўчастку пад будаўніцтва станцыі тэхнічнага асблугоўваньня і шэрагу другіх аб’ектаў».

Генадзь Дылеўскі нарадзіўся 1 ліпеня ў 1962 г. у Пясках Мастоўскага раёну. Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, юрыст. Служыў ва Ўзброеных сілах, працаваў на Мастоўскім рамонтным заводзе, настаўнікам у менскай сярэдняй школе, старшым інжынэрам Барысаўскай фабрыкі піяніна. Затым — юрыстам прававога каапэратыву «Арбітар», юрысконсультам МНВА «ВІКА», гендырэктарам юрыдычнай фірмы «Владыко».

Мае чатырох дзяцей: трох сыноў і дачку.

7 жніўня 2001 г., ужо будучы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, ён зьвярнуўся з адкрытым лістом да кіраўніка дзяржавы, у якім напісаў, што ў сучаснай Беларусі прэзыдэнт валодае такімі шырокімі паўнамоцтвамі, што «мы ўшчыльную наблізіліся да аўтакратычнага рэжыму». Аднак, заўважыў Дылеўскі, «ўлада ня можа быць самамэтай, гэта аванс, які неабходна адпрацаваць». У сваім пісьме дэпутат прапанаваў даць больш эканамічнай свабоды суб’ектам гаспадараньня, рэгіёнам — большай фінансавай самастойнасьці, зьмяніць маладзёвую палітыку, а таксама прапанаваў прэзыдэнту абмежаваць свае паўнамоцтвы.

Прысуд Дылеўскаму не адзіная сэнсацыя агучаная сёньня на прэс-канфэрэнцыі. Пётар Міклашэвіч заявіў, што неўзабаве ў суд будзе перададзена справа аб найбуйнейшым у гісторыі краіны хабары — 1,5 млн. даляраў. Паводле словаў генэральнага пракурора, крымінальная справа была заведзена па факце даваньня хабару за спрыяльнае вырашэньне пытаньня аб выдзяленьні ўчастку зямлі пад будаўніцтва жылога дома ў Менску.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)