Политика
Сяргей Навумчык, «Радыё Свабода»

«Дзьверы Гаўла былі для нас заўсёды адчыненыя»

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла неаднаразова сустракалася з Вацлавам Гаўлам.

Сяргей Навумчык, Івонка Сурвіла і Вацлаў Гавал, сакавік 2008 году

– Спадарыня Івонка, што Вы адчулі, калі даведаліся пра сьмерць Вацлава Гаўла?

– Страшэнны сум адчула. Гэта быў чалавек, якога я вельмі паважала, які быў адным з найлепшых прыяцеляў нашага народу і Беларусі. Ён вельмі шмат зрабіў для нас, сапраўды. Не магу сябе ўявіць, як будзем жыць без яго.

– Вы неаднаразова сустракаліся з Гаўлам у розныя гады, калі наведвалі Прагу, дзе Вас прымаюць як старшыню ўраду ў выгнаньні. Што найбольш зрабіла на Вас уражаньне ў сумаўленьні з Вацлавам Гаўлам, якія чалавечыя ці палітычныя якасьці ўразілі Вас?

– Вельмі ўразіла, што моцна цікавіўся Беларусьсю і слухаў тое, што гаварылася яму, і прасіў, каб сказаць яму, як ён можа дапамагчы? Гэта мяне вельмі ўразіла, бо вельмі рэдка чуеш ад палітыка, каб ён пытаўся ў Вас, што ён можа зрабіць для Вас. Гэта мяне вельмі ўражвала. Цудоўны быў, вельмі ветлівы, спакойны чалавек. Быў надзвычайным прыяцелем Беларусі.

– Натуральна, што пра Гаўла Вы чулі значна раней, чым пазнаёміліся зь ім асабіста – яшчэ ў канцы 1980-ых, калі адбывалася «аксамітная рэвалюцыя». Як успрымалі Гаўла на Захадзе?

– З захапленьнем. Зь вялікім захапленьнем. Факт, што пісьменьнік меў адвагу ўзяць на сябе функцыі, якія ён узяў, вельмі ўразіў. І яму давяралі. Моцна давяралі. Ведалі, што ён толькі тое будзе рабіць, што трэба.

– Як Вы думаеце, што самае галоўнае зрабіў Вацлаў Гавал для Беларусі, для беларускай дэмакратыі?

– Ой Божа мой, ён гэтулькі зрабіў, што цяжка сказаць, што галоўнае. Ён заўсёды цікавіўся Беларусьсю і заўсёды быў гатовы дапамагчы. Выступаў за дэмакратыю ў Беларусі. Заўсёды былі ягоныя дзьверы адчыненыя для беларускіх палітыкаў. Наогул, дзясяткі і дзясяткі рэчаў у ім мяне вельмі ўражвалі. Вельмі буду сумаваць па ім.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)