Политика
Барыс ЖАЎТКОЎ, «Мы»

Дзіцячыя і дарослыя мянушкі беларускіх палітыкаў

Беларускія палітыкі прызналіся “Мы”, як іх называлі ў дзяцінстве і як завуць цяпер.

Сяргей Гайдукевіч,
лідэр ЛДП:

— У дзяцінстве ў мяне была мянушка Скуратаў – я мог за сябе пастаяць, абараніць адмыслова гонар і годнасць. Пра яшчэ адну не распавяду – няёмка. У арміі быў Піначэтам. Былі і іншыя мянушкі, але яны звычайныя, а таму пра іх казаць нецікава.

***

Цяпер, у партыі, у вочы Сяргей Гайдукевіча называюць Шэфам, за спіной – інакш. Напрыклад, Гайдуком.

Анатоль Лябедзька,
старшыня АГП:

— У дзяцінстве Пеле называлі – няблага гуляў і вельмі любіў футбол. У мяне з-за гэтага нават канфлікты былі з настаўнікамі. Нейкіх брыдкіх мянушак не было. У інстытуце скарочана некаторыя называлі Лебедзем.

***

“Краем вуха” Лябедзька, як і Гайдукевіч, чуў, што аднапартыйцы называюць яго Шэфам. Як за спіной не ведае. “Мы” ж чулі ў палітычных і журналісцкіх колах розныя вытворныя ад прозвішча варыянты. Але то не заўсёдныя мянушкі.

Сяргей Калякін,
лідэр ПКБ:

— Неяк не згадваецца нешта такое, каб прыляпілася. Мы называлі адзін аднаго імёнамі.

***

Лідэр апазіцыйных камуністаў кажа, што да аднапартыйцы звяртаюцца да яго Сяргей Іванавіч альбо па прозвішчы: “А як за кадрам – не ведаю”. А за кадрам, наколькі “Мы” абазнаныя, у асноўным тое самае – прозвішча ды імя і імя па бацьку. Малякін, Лялякін – гэта так, зрэдку, журналісты забаўляюцца.

Павал Севярынец,
сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі”:

— У школе звалі Касперам. Быў такі герой мультфільмаў, які ўсім дапамагаў. А да мяне таксама часта звярталіся ў школе – дапамагчы разабрацца ў нечым, даць спісаць і г.д. Вось таму так і празвалі. Ва ўніверсітэце часам называлі Северам. А падчас заснавання “Маладога фронту” – у 1997-98 гадах – не ўсе, але некаторыя называлі Паша Жыве Беларусь.

***

Зараз, як кажуць паплечнікі Паўла па партыі, у яго няма мянушак. Хаця сярод журналістаў яго часцяком называюць Северам. Апошнім часам палітыка таксама называюць Махатма. Пэўна таму, што Севярынец не быў заўважаны ў нейкіх брудных інтрыгах ды гульнях ці проста з-за яго высокамаральнай рэпутацыі. Нагадаем, што тытул “Махатма” (вялікая душа) ў 1915 годзе паэт Рабіндранат Тагор прымяніў да індыйскага палітыка Махандаса Гандзі, які дамогся незалежнасці Індыі ад Брытаніі.

Лявон Баршчэўскі,
старшыня Партыі БНФ:

— У школе, але нядоўга, дзесьці да 5-га класу, звалі Баршчом. Падчас студэнтцтва мянушак, здаецца, не было. Хаця расейскамоўныя студэнты выкарыстоўвалі імя Лявон менавіта як мянушку. Яны чулі, што мяне так завуць мае браты ды блізкія сябры. Яны ж (расейскамоўныя) не ўспрымалі Лявона як імя.

***

Зараз у палітычным ды журналісцкім асяродку Лявона Баршчэўскага раз-пораз, бывае, называюць ягонай дзіцячай мянушкай, утворанай, зразумела ад прозвішча, — Боршч.

Станіслаў Шушкевіч,
былы старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь:

— Мяне ў дзяцінстве звалі Шуша. Дарэчы, так потым звалі ў школе і дачку, і ўнучку. Зараз сябры ды знаёмыя, бывае, называюць чамусьці Белавежскім Зубрам. Ад Масквы – да Варшавы.

***

У палітычных колах Станіслава Шушкевіча любяць дагэтуль зваць крыху скарочанай дзіцячай мянушкай – Шуш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)