Общество
Таццяна Гусева

«Дзень нараджэння па традыцыі сустракаю ў турме»

Каханая дзяўчына палітвязня Змітра Дашкевіча, намесніца старшыні зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» Наста Палажанка адзначае 2 жніўня свой 22-гі дзень нараджэння.

З дзяцінства Наста памятае, што ў гэты дзень ніколі не магла пагарэзнічаць у фантане, бо ўсе яны былі занятыя дэсантнікамі, у якіх 2 жніўня сваё свята.

— Апошнім часам па традыцыі я адзначаю гэты дзень у турме, — расказала Наста Палажанка ў размове з карэспандэнтам «Салідарнасці».

Наш званок заспеў віноўніцу свята ў дарозе. Наста разам з адвакатам едзе ў калонію да Зміцера Дашкевіча. Віншавальную паштоўку ад любага дзяўчына ўжо атрымала.

— На паштоўцы намалявана кветка. Зміцер спадзяецца ў наступным годзе падараваць мне сапраўдны букет.

З днём нараджэння з самай раніцы Насту павіншавалі сябры з «Маладога фронту», а таксама Аляксандр Фядута і Уладзімір Някляеў.

Днямі Наста Палажанка была знятая з міліцэйскага ўліку з прычыны пагашэння судзімасці.

Нагадаем, Наста Палажанка была арыштаваная пасля акцыі 19 снежня 2010 года. Яе абвінавацілі ў «арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках». 20 траўня 2011 года дзяўчыну асудзілі на 1 год умоўна.

— Цягам года мне забаронена ўдзельнічаць у выбарах, набываць зброю і ўсынаўляць дзяцей, — усміхаецца Наста.

«Салідарнасць» далучаецца да віншаванняў і жадае імянінніцы здзяйснення самых смелых жаданняў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)