Общество
Сяргей Балай

«Дыктатура прайграе сучасным тэхналогіям»

Гарадзенскі журналіст Анджэй Пачобут атрымаў дакуманты аб скасаванні сваёй крымінальнай справы аб паклепе на Аляксандра Лукашэнку. Пра свае далейшыя планы і эмоцыі з нагоды вызвалення з-пад падпіскі аб нявыездзе нядаўні вязень распавёў «Салідарнасці».

Шкляная мяжа разбураная

– Скасаваная справа і атрыманыя дакуманты для мяне азначаюць, што зараз я магу ездзіць па краіне без перашкодаў. Мой галоўны план на ўсе часы – шмат працаваць. За гэтыя два тыдні я ужо ваыязджаў з Гродна, быў у Мінску. Канешне, гэта вельмі прыемна, што можна перасоўвацца свабодна. Бо ўсе дзевяць месяцаў пад падпіскай аб нявыездзе вакол майго горада была нібы шкляная мяжа, праз якую я не мог перакрочыць.

Не захацеў уцякаць

– Мяне не надта турбуе рэакцыя ўладаў на маю працу. І тыя дзве справы, якія мне і маёй сям’і прыйшлося перажыць, не азначаюць, што мяне стала больш хваляваць, як адрэагуе КДБ, Следчы камітэт ці Аляксандр Лукашэнка. Для мяне было відавочна, што падчас другой справы мяне спрабуюць выціснуць за мяжу. Калі ў турме мне аддалі пашпарт і выпіхнулі дадому, яны нібы адчынілі дзверы і давай – уцякай. Калі я ўцякаць не захацеў, іх планы наконт мяне скончыліся, падвіслі ў паветры. Потым, відаць, сталі нейкім пунктам перамоваў у кулуарах. Справу можна было давесці да канца вельмі хутка, але следчыя цягнулі і марудзілі, падвесілі ўсё ў паветры. Я разумею, што быў такім жа прадметам гандлю, як і справа “ARCHE”, нейкім актывам беларускіх уладаў, які можна было адносна лёгка саступіць у кулуарных перамовах.

Дыктатура прайграе сучасным тэхналогіям

– Спадзяюся, што хутка можна будзе пачытаць шмат цікавага ад мяне. Я зараз дарабляю вялікі матэр’ял, і праца зойме яшчэ колькі месяцаў. А потым маю намер паездзіць па краіне. Акурат на момант узбуджэння справы быў запланаваны шэраг інтэрв’ю, якія прыйшлося адкласці з-за падпіскі аб нявыездзе. За месяцы, што я правёў у турме і пад падпіскай, давялося заняцца публіцыстыкай. Думаю, што мае чытачы ў інтэрнэце гэта заўважылі. Скажу шчыра, ніколі не было развагаў аб тым, чым бы заняцца. Пісаць можна нават у турме, а калі ты на волі, хоць і абмежаваны, поле дзейнасці вялікае. За гэтыя месяцы я некалькі разоў браў удзел у скайп-канферэнцыях , у тым ліку міжнародных. Так што, не зважаючы на свае намаганні, дыктатура прайграе сучасным тэхналогіям.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)