На пачатку гэтага года нам паказвалі зварот Лукашэнкі, потым мы падпісвалі паперы, што не будзем нікуды хадзіць 25 сакавіка, потым — што глядзелі яго зварот да Нацыянальнага сходу, а нядаўна нават распісваліся за тое, што глядзелі фільм «Убойная посылка» ад КДБ. То бок папер зараз вельмі шмат.
«Два гады таму было яшчэ больш-менш па-боску, а зараз нас «адпрацоўваюць» па-максімуму»
Студэнт — пра сённяшняе навучанне ў беларускім універсітэце.
Андрэй (імя зменена) вучыцца ў адным са сталічных універсітэтаў. Хлопец называе сябе, так бы мовіць, «няправільным студэнтам», але не з-за паспяховасці, а з-за сваіх поглядаў: Андрэя няма ў БРСМ, ён размаўляе па-беларуску і верыць у дэмакратычную Беларусь.
Ён распавёў «Салідарнасці», як зараз працуе прапаганда ва ўніверсітэце, ці вераць у яе студэнты і як беларуская моладзь ставіцца да вайны Расіі супраць Украіны.
— Быць студэнтам у 2023 годзе — гэта значыць быць у БРСМ і прафкамітэце. Тыя, хто не ўваходзіць у склад такіх арганізацый, не атрымае ніякіх прэферэнцый з боку ўніверсітэту, таксама ёсць шанец, што могуць засадзіць на якім-небудзь іспыце, — кажа Андрэй. — Ідэалогіі ва ўніверсітэце зараз шмат болей, чым раней. Я трапіў на вучобу ўжо ў «пострэвалюцыйныя» гады, але два гады таму было яшчэ больш-менш па-боску, а зараз нам адмяняюць пары, каб мы глядзелі фільм пра «геяў-падрыўнікоў» з Украіны.
Пад бокам вайна, і нас «адпрацоўваюць» па-максімуму. У мінулым годзе ў нас было вызваленне ад пар, калі быў рэферэндум, і мы падпісвалі адпаведныя паперы, што нікуды не пойдзем.
А гэта я яшчэ не заўважаю большую частку прапаганды, бо не першакурснік. Ім паказваюць нашмат болей, чым нам. Але калі ў іх спытаць, што ім паказвалі, яны кажуць: «Нейкая хлусня, мы не слухалі і не глядзелі».
Апошні фільм, які паказвалі студэнтам — «Убойная посылка», перад праглядам адміністрацыя ўніверсітэта нагадала студэнтам, што найвышэйшая мера пакарання за тэрарызм у Беларусі — расстрэл.
— Большасць студэнтаў замест таго, каб глядзець гэта, проста сядзела ў тэлефонах. Але былі моманты, калі ўсе хорам смяяліся. У гэтым фільме бачна накіраванасць на моладзь, як і ў астатніх, якія здымаюць дзеля прапаганды. Я часам спецыяльна гляджу гэтыя прапагандысцкія фільмы, каб разумець, чым займаецца дзяржава.
Сур’ёзна нармальныя людзі гэта глядзець не могуць, калі я глядзеў, то было проста смешна — файная акцёрская гульня. Таму прапаганда ніяк не працуе, бо там хлусня на хлусні.
Па словах Андрэя, вялікую ролю ва ўніверсітэце зараз грае БРСМ. Але не ў тым сэнсе, што студэнты імкнуцца туды ўступіць, а ў тым, што без гэтага проста нельга жыць нармалёвым студэнцкім жыццём.
— Тут ёсць такая сістэма: калі ты ў БРСМ, ходзіш на розныя мерапрыемствы, табе ставяць нейкія балы, і потым ты можаш засяліцца ў інтэрнат, афіцыйна прагуляць пары, атрымаць нейкую надбаўку. Вядома, усе незадаволеныя, але калі дзяржава дае прэферэнцыі, усе маўчаць.
Калі ты не БРСМавец, поўным студэнцкім жыццём жыць не дадуць: могуць не засяліць у інтэрнат, не даць грашовую надбаўку. Зараз гэта структура вельмі ідэалагічная, яе чальцы ходзяць для масоўкі на розныя праўладныя мерапрыемствы. Нейкія спартыўныя мерапрыемствы таксама там праводзяць, але, здаецца, што гэта робяць для нейкіх высокіх людзей, якія штосьці ў БРСМе дабіліся.
Андрэй прызнаецца, што сам у БРСМ не ўступаў, бо, калі ён пачынаў вучыцца, яшчэ не так моцна ціснулі на студэнтаў. Аднак ужо з гэтага года першакурснікаў просяць уступаць туды нашмат больш настойліва, чым раней. Пры гэтым хлопец ёсць у прафсаюзе. Туды студэнтаў прымушалі ўступіць, пагражаючы праблемамі пры будучай абароне дыплома.
— Быў момант, студэнты адмовіліся ад прафкама, калі да іх прыйшоў прарэктар, і большасць з тых, хто адмовіўся, потым не засялілі ў інтэрнат.
Таксама зараз у вышэйшай навучальнай установе, зазначае хлопец, праходзіць мноства сустрэч з прадстаўнікамі сілавых структур.
— Я не бачу, каб у нашым універсітэце была нейкая ўласная ініцыятыва праводзіць ідэалагічныя размовы, што яны гараць гэтым. Здаецца, што ўсе хочуць проста адпрацаваць нейкі загад.
Час ад часу ў нас праводзяць сустрэчы з міліцыянтамі. Там проста кажуць не хадзіць на пратэсты, бо дзясяткі тысяч былі затрыманыя, і затрыманні працягваюцца дагэтуль.
Суразмоўца «Салідарнасці» зазначае, што сёння ва ўніверсітэце амаль не засталося студэнтаў, якія былі неяк заўважаны ў пратэстным руху. Але калі раней з такімі студэнтамі часта праводзілі нейкія размовы, зараз такога няма.
— Зараз робіцца так: калі ты быў недзе заўважаны і з табой нічога не зрабілі, на цябе проста будуць цішком ціснуць, але нічога не скажуць. Каб ты гэтага не бачыў, але заўважаў, што штосьці не тое.
Вядома, сярод студэнтаў ёсць розныя людзі. Ёсць тыя, хто падтрымлівае апазіцыю, некаторыя проста нейтральныя, бо падзеі 2020 года — гэта боль, які не хочацца ўспамінаць. Шмат хто кажа: «Так, гэта было, мы ўжо ад гэтага адышлі, зараз трэба неяк пачынаць жыць па-іншаму, проста цярпець, мо гэта калі-небудзь і скончыцца».
Калі пачалася вайна ва Украіне, група студэнтаў падзялілася:
— Пачатак вайны быў шокам для ўсіх. У нас заблакавалі агульны ўніверсітэцкі чат, каб ніхто нічога не пісаў. Быў вялікі выбух эмоцый, ніхто не разумеў, чаму ўварванне было праз нас, якім бокам мы тут. Мы прачнуліся і ў адзін дзень усе ўпалі: проста глядзелі ў сцяну.
І толькі недзе праз два месяцы стала зразумела, хто ёсць хто. Былі тыя, хто ў першы дні казаў, што так нельга, а потым наглядзеўся прапаганды. У нашай групе 4-5 чалавек падтрымліваюць Расію, то бок група падзялілася, але большасць падтрымлівае Украіну.
Мы казалі ім: людзі гінуць, ці нармалёва табе жыць з тым, што ты падтрымліваеш брыдоту. Былі спрэчкі і з выкладчыкамі, але потым мы перавялі тэму, каб нічога на нас не данеслі.
Адна выкладчыца падтрымала падзеі ва Украіне. Яна проста прыйшла на пару і сказала, каб мы не задавалі ёй пытанняў, яна адразу адкажа, што падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну і што гэта трэба было зрабіць даўно.
Але агулам ва ўніверсітэце пра вайну нічога не кажуць. Толькі ў гэтых фільмах, што нам паказваюць, бачна нянавісць да ўкраінцаў.
Таксама ў гэтым годзе для ўсіх курсаў увялі дысцыпліны паліталогія і ідэалогія беларускай дзяржавы. Як выкладаюць гэтыя дысцыпліны, залежыць ад выкладчыка. У мяне, напрыклад, нармальная выкладчыца была, у кагосьці казалі пра тое, як добра жылі ў СССР.
Хлопец прызнаецца, што не будуе ніякіх планаў на будучыню:
— Жыццё ў Беларусі вельмі зменлівае. Вядома, мне сумна, ёсць атмасфера бездапаможнасці. І бачна, што так не толькі ў мяне. Напрыклад, шмат людзей адлічваюцца з універсітэта. Толькі з маёй групы за першыя два семестры адлічылася два чалавекі і з’ехалі за мяжу. Ёсць і знаёмыя з іншых факультэтаў, якія з’ехалі. Шмат хто не з’язджае, але адлічваецца па ўласным жаданні, бо не падабаецца адукацыя. Гэта не сотні чалавек, але дзясяткі дакладна.
Па маральнаму здароўю б’е і тое, што я не магу карыстацца беларускай мовай ва ўніверсітэце, хоць перайшоў на яе яшчэ ў 2018 годзе. Я адчуваю дыскрымінацыю, у нас нават гісторыю Беларусі вяла рускамоўная жанчына, што паказвае знявагу ўніверсітэта да беларускай мовы. Да і ўвогуле я мову бачу толькі на назвах нейкіх кабінетаў.
Я бачыў, як да маёй мовы ставяцца ва ўніверсітэце. Яны здзіўляюцца неяк па-злоснаму. Яны не тое, што не хочуць падтрымаць размову, а глядзяць вельмі здзіўлена.
Мае сябры, да і простыя беларусы, напрыклад, касіры, ставяцца вельмі добра да беларускай мовы, адказваюць па-беларуску, хтосьці пачынае размаўляць. Да 2020 года я не памятаю, каб была такая павага да мовы. Зараз сітуацыя сярод людзей палепшылася, таксама стала больш беларускамоўнага кантэнту.
З’язджаць Андрэй не плануе, бо, па яго словах, вельмі моцна любіць Беларусь:
— Лічу, што я яшчэ магу тут штосьці змяніць, можа і не нейкімі радыкальнымі шляхамі, а проста пражыць тут сваё ўласнае спакойнае жыццё. Магчыма, мне не дадуць гэтага зрабіць, і калі будзе небяспечна, я з’еду. Але пасля атрымання дыплому я не планую з’язджаць, мне тут утульна, я дома.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное