Общество
Юлія Аляксандрава

«Думаю, зараз будуць ляпіць справу кшталту «Аўтуховіч-2»

Арганізатары кампаніі «Гавары праўду» распавялі пра тое, што забраныя падчас ператрусу рэчы дагэтуль не вернутыя ўладальнікам, падзяліліся далейшымі планамі і высветлілі, што для некаторых праўда стаіць у шэрагу тавараў і паслуг.

Па словах арганізатараў кампаніі, ператрусы і допыты закранулі 65 чалавек у 20 гарадах па ўсёй краіне. Амаль усе яны зараз рыхтуюцца падаваць скаргі, згадваючы розныя парушэнні:

– Напрыклад, ператрус без пастанаўлення і ў адсутнасці панятых, які тым не менш скончваецца канфіскацыяй. Забраныя былі носьбіты інфармацыі, грошы… Усё гэта адбывалася, нягледзячы на тое, што па справе людзі праходзяць як сведкі.

Паводле супрацоўнікаў праваахоўных органаў, падчас ператрусаў былі знойдзеныя патроны і наркатычныя рэчывы.

– Патроны маглі «знайсці» і ў мяне, калі б за панятога не быў мой сусед, – кажа Уладзімір Някляеў. – Думаю, не дасягнуўшы сваіх мэтаў зараз, яны будуць ляпіць нейкую справу кшталту «Аўтуховіч-2» ці рабіць з нас нейкую банду, якая мела на мэце піць, гуляць і спажываць наркотыкі. Лепш бы глядзелі на сапраўдны стан рэчаў з наркотыкамі сярод моладзі. За тры дні, праведзеныя ў затрыманні, я столькі пабачыў! Гэта жах! Там проста нейкі канвеер… Праблема маладзёвай наркаманіі – гэта яшчэ адзін накірунак, якім мы будзем займацца зараз.

– Хацелася б звярнуць увагу на тое, якая была фармулёўка абвінавачанняў: «прадстаўленне няправільнай інфармацыі адносна тавараў і паслуг», – зазначыў Генадзь Бураўкін. – Я думаю, гэта не проста агаворка. Па Фрэйду ёсць такія агаворкі, ад якіх робіцца страшна. Мне ад гэтай агаворкі таксама страшна: для тых прадстаўнікоў улады, якія рабілі ператрусы, садзілі ў турму невінаватых людзей, праўда – гэта тавар, паслуга. А калі праўда робіцца паслугай, яна перастае быць праўдай.

Па словах Генадзя Бураўкіна, кампанія «Гавары праўду» задумвалася і ажыццяўляецца перш за ўсё як маральны заклік да грамадства:

– Грамадзяне маюць права ведаць, што насамрэч адбываецца ў краіне: прыхарошванне эканамічнай сітуацыі, прыхаваны рост коштаў на самыя неабходныя прадукты, замоўчванне рэальнай перспектывы ізаляцыі краіны на міжнароднай арэне, спаўзанне ў багну знешніх даўгоў, вострыя праблемы ў галіне медыцыны і адукацыі і г.д. Мы будзем працягваць кампанію, нягледзячы ні на пераследы, ні на іншыя перашкоды. Улада, якая карае людзей за імкненне да праўды, не можа быць ні справядлівай, ні цывілізаванай.

– Улада баіцца, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў людзі сапраўды загавораць праўду, бо ўсім ужо надакучыла мана, – лічыць Зінаіда Бандарэнка.

Гаворачы пра праўду, Уладзімір Някляеў узгадаў словы Васіля Быкава:

– Праўда – рэч няпростая. Яна можа цябе і ўзвысіць, і скінуць у глыбокую-глыбокую яміну. Але нават зваліўшыся з праўдай у яміну, ты за яе трымайся, і яна цябе з гэтай яміны вынясе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)