«Размовы пра «антыбеларускага» Мядзьведзева і «прабеларускага» Пуціна — пусты занятак»

«Калі будзе парушэньне сувэрэнітэту Беларусі, будзе вайна» — гэтак рэзка, як у інтэрвію Аляксею Венядзіктаву, сваю пазыцыю кіраўнік Беларусі, здаецца, ніколі не фармуляваў, піша Юры Дракахруст ў сваім блогу на Радыё Свабода.

Пры гэтым Лукашэнка патлумачыў, што вайна будзе ў Расеі ня толькі з Беларусьсю: «Калі Расея паспрабуе парушыць наш сувэрэнітэт, вы ведаеце, як адрэагуе сусьветная супольнасьць, яны апынуцца ўцягнутымі ў вайну. Захад і NATO ўжо гэтага не перанясуць, бо яны палічаць гэта за пагрозу ім. І ў чымсьці яны маюць рацыю».

Хто і як пагражае парушыць сувэрэнітэт Беларусі?

Што азначаюць гэтыя заявы ў практычнай плашчыні, у кантэксьце перамоваў пра паглыбленьне інтэграцыі? Вось першы віцэ-прэм’ер Беларусі Дзьмітры Круты заяўляе на прыёме ў расейскай амбасадзе, што інтэграцыйны пакет цалкам узгоднены. Паводле яго, падбіраецца час, каб Лукашэнка і Пуцін урачыста яго падпісалі. Калі ў пакеце парушэньня сувэрэнітэту Беларусі няма, то дзеля чаго Лукашэнка папярэджвае наконт вайны? Хто і як зьбіраецца яго парушыць?

Калі ж на погляд самога Лукашэнкі інтэграцыйныя «мапы» прадугледжваюць істотнае ўшчымленьне беларускага сувэрэнітэту, то хіба недастаткова проста не падпісваць адпаведны пакет?

Сэнсацыйная заява прэмʼера Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, як і год таму, мела форму дылемы: дадатковую дапамогу Беларусь атрымае ў выпадку ўзгадненьня ўсяго інтэграцыйнага пакету, уключна са стварэньнем наднацыянальных ворганаў. А ў выпадку, калі ўзгоднены будзе не ўвесь пакет, то, відаць, і ня будзе дадатковай дапамогі. Неяк так.

Лукашэнка прызнаў, што патаемная «31-я мапа» інтэграцыі, дзе гаворка ідзе пра наднацыянальныя органы саюзнай дзяржавы, сапраўды існуе. Але, паводле яго, пра яе перамовы нават не вядуцца. Аднак тады навошта яна? Дзеля практыкаваньняў чыноўнікаў дзьвюх краінаў у складаньні падобных «мапаў»?

Размовы пра «антыбеларускага» Мядзьведзева і «прабеларускага» Пуціна — занятак абсалютна пусты і недарэчны. Няма ніякіх «добрага» і «злога» сьледчых адносна Беларусі ў Маскве. Расея — аўтарытарная дзяржава, ды і ў дэмакратычных не бывае, каб чальцы ўраду мелі дыямэтральна адрозныя ўяўленьні пра палітыку адносна важнай суседняй краіны і найбліжэйшага саюзьніка.

Але калі 31-я «мапа» не прапануецца да падпісаньня і нават не абмяркоўваецца, то ў чым замах на парушэньне сувэрэнітэту?

Просты адказ — у ціску, які аказваецца на кіраўніцтва Беларусі. Верагодна, што фармальна прапануюцца два варыянты інтэграцыі — «прасунуты» і «кансэрватыўны» (дзе апошні азначае проста захаваньне існага становішча), але фактычна, магчыма, прапануецца толькі адзін. Гэтак жа, як у 1940 годзе, фармальна балтыйскія краіны самі пагадзіліся на ўльтыматум Сталіна. Аналёгія — ня тоеснасьць, цяперашняя Масква не пагражае сілай, у адрозьненьні ад сталінскай Масквы ў 1940-м.

Выштурхоўваньне ў незалежнасьць

Сам Лукашэнка ў размове з Венядзіктавым апісаў мэханізм прымусу наступным чынам: «Пагроза зьявіцца тады, небясьпечная пагроза, калі ў нас будзе зусім дрэнна з эканомікай. Калі людзям немагчыма будзе ўсё гэта вынесьці. Гэта адзіная прычына. Пакуль я ва ўладзе, гэта адзіная пагроза».

Пра гэтую другую фазу інтэграцыйнага двубою нямногія задумваюцца. Цяпер праблема фармулюецца так: як бы Лукашэнка чаго важнага ня здаў, як бы не падпісаў нечага небясьпечнага, як гэта прадухіліць?

Але ёсьць і іншае пытаньне — што будзе, калі ён нічога такога не падпіша, але пры гэтым Расея ня дасьць ня толькі дадатковай, але і ранейшай дапамогі? Па сутнасьці, калі выштурхне Беларусь у незалежнасьць, прымусіўшы за яе заплаціць. І як беларускае грамадзтва адрэагуе на зьмяншэньне даходаў (і без таго ня надта раскошных)? І пад якімі лёзунгамі тады клікаць людзей на вуліцу, якія словы прапаноўваць павесіць на аватарку ў ФБ? «Патрабуем вярнуць танныя газ і нафту»? А тады зь якой радасьці будуць мусіць вярнуць?

Вось наступстваў гэтага «стальнога душу» высокіх цэнаў на энэрганосьбіты Лукашэнка і асьцерагаецца. Уласна гэтай альтэрнатывай на яго Масква і цісьне. Праўда, калі гэтая альтэрнатыва («адзіная пагроза») увасобіцца ў жыцьцё, незразумела, чаму Захад будзе гатовы абараняць сувэрэнітэт Беларусі (і нават ваяваць) ад такога «замаху». Гэтак жа Расея «замахваецца» на сувэрэнітэт і Польшчы, і Літвы, і Нямеччыны, прадаючы ім энэрганосьбіты па больш высокай цане, чым цяпер Беларусі.

Дык што ж тады азначаюць грозныя словы Лукашэнкі пра вайну? Так выглядае, што рытарычны прыём. Ён у інтэрвію Венядзіктаву сказаў, што Беларусі «трэба сябе паводзіць дакладна, тонка і акуратна». Ілюзія і спакуса для Расеі.

І пагрозы вайной, пагрозы саюзьніку вайной з краінамі, якія з Беларусьсю не зьвязваюць ніякія асаблівыя абавязацельствы — гэта «тонка і акуратна»? Так, у карціне сьвету Лукашэнкі менавіта так. Плюне — пацалуе, да сэрца прыцісьне — да чорта пашле.

На нечы погляд, тонка і акуратна было б яшчэ летась ветліва адказаць на «ультыматум Мядзьведзева»: Дзякуй за прапанову, але паглыбленьне інтэграцыі нам не падыходзіць, дамова аб саюзнай дзяржаве памерла, давайце будаваць адносіны як саюзныя, але сувэрэнныя краіны.

І не было б году спрэчак, крыкаў, скандалаў, дэмаршаў і правальных самітаў, гульні, у якой сувэрэнітэт пастаўлены на карту. Напэўна, аддаваць яго і не плянавалася, але гульня ім стварала ў расейскіх партнэраў ілюзію, што яго ўсё ж можна ў Беларусі выйграць, спакусу яго выйграць.

Лукашэнка спадзяваўся (і спадзяецца, магчыма, дагэтуль) выйграць у расейцаў у гэтую гульню. Але, так выглядае, што не атрымліваецца. Пра гэта сьведчаць і развагі кіраўніка Беларусі ў інтэрвію Венядзіктаву наконт альтэрнатыўных крыніцаў пастаўкі энэрганосьбітаў і фактычнага перакрыцьця для Расеі двух з трох трубаў нафтаправоду «Дружба».

Будучыня без паглыбленай інтэграцыі

Узгадка пра гэтыя варыянты таксама можа быць элемэнтам гандлю, ціску на Расею, выкладаньнем беларускіх козыраў. Але больш падобна на сцэнар будучыні без паглыбленай інтэграцыі. Ужо наколькі пераканаўчай — тут можна спрачацца. У грамадзтве было шмат абурэньня з тае прычыны, што перамовы аб паглыбленьні інтэграцыі адбываюцца ў сакрэце. Але ёсьць ня меншая падстава абурацца адсутнасьцю інфармацыі пра гэтыя энэргетычныя альтэрнатывы.

Напрыклад, у Польшчы пралічылі і апублікавалі пляны і разьлікі, як можна кампэнсаваць магчымае спыненьне транзыту газу праз Украіну і нават празь Беларусь. Складаліся гэтыя пляны некалькі месяцаў таму, калі спыненьне ці прыпыненьне транзыту празь Украіну ўяўлялася цалкам імаверным. Цяпер прынамсі гэтая пагроза для Польшчы зьнікла, але Варшава да такога шоку была гатовая.

Тое, што беларуская ўлада пра альтэрнатыву думае — гэта добра. Але цікава было б даведацца тэхнічныя разьлікі, а не адно ўпэўненыя заявы ў інтэрвію замежнаму журналісту.

Як і ў выпадку з перамовамі пра інтэграцыю, маўчаньне ў пытаньні энэргетычных альтэрнатываў спараджае страхі, што Беларусь можа ня вытрымаць выпрабаваньне незалежнасьцю ў энэргетычнай сфэры. Невялічкі і ня вельмі пераканаўчы досьвед з пастаўкамі вэнэсуэльскай і азэрбайджанскай нафты паказвае, што гэтыя страхі небеспадстаўныя. Але невядомасьць, няпэўнасьць істотна іх умацоўвае.

Калі лепш адмовіць расейцам?

Калі б прапанова расейцаў аб паглыбленьні інтэграцыі была адхіленая адразу, напэўна, яны б раззлаваліся і маглі б пакараць Беларусь скарачэньнем дапамогі. У цяперашняй сытуацыі наўрад ці нечым іншым. Што ж атрымалі, уключыўшыся ў гульню? Набор «мапаў», зь якіх прынамсі адна — вельмі небясьпечная для сувэрэнітэту. У іншых таксама могуць быць небясьпекі для яго, хіба што адкладзеныя і ўскосныя. У выніку расейцы зусім не сьпяшаюцца даваць нешта дадатковае Беларусі. Так што зараз яны раззлаваныя можа больш, чым былі б, калі б адразу атрымалі адмову. Ніхто ня любіць, калі яго водзяць за нос.

Лукашэнка сказаў Венядзіктаву, што інтэграцыю трэба весьці так, каб людзі ня біліся на вуліцах за незалежнасьць. Яны пакуль ня бʼюцца, але ўжо выходзяць.

Дык і тут хітрая гульня прывяла да таго, што павінная была прадухіліць. І да чаго б не прывяла своечасовая адмова ад небясьпечных прапановаў.

Да чаго ў рэшце рэшт сытуацыя напэўна і прыйдзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(25)