Политика

Дракахруст: Пра што спытаюць адзін аднаго Лукашэнка і Зяленскі

Дакладна, зразумела, ня ведаю. Мяркую, што пяройдуць на «ты», калі ўжо не перайшлі падчас папярэдніх тэлефонных гутарак. Разыважае Юры Дракахруст на Радыё Свабода.

Лукашэнка мае звычку «тыкаць» усім, каму можна (і нельга). Ён на прэсавай канфэрэнцыі для ўкраінскіх журналістаў ужо назваў Зяленскага Валодзем. Са свайго боку Зяленскі больш чым на 20 гадоў маладзейшы за Лукашэнку, але ён лідэр немалой краіны, таму зьвяртацца да кіраўніка іншай краіны на «вы», калі той кажа «ты», не выпадае.

Так што паспрабую напісаць нешта ў жанры Wikileaks ці стэнаграмы адміністрацыі Трампа, якая апублікавала гутарку шэфа з Зяленскім.

Зяленскі: Саша, мне ў хуткім часе гаварыць з Пуціным. Як зь ім размаўляць? Ты маеш вопыт, як ніхто. На што зь ім можна дамовіцца?

Лукашэнка: Валодзя, я шмат разоў прапаноўваў нашую міратворчую місію на Данбасе. Адказу не было ад вас ды і ад Масквы. Вашая справа. Але зараз іншы расклад, зараз у вас плян Штайнмаера, выбары там. Ты сказаў — там на выбарах ня будзе нічыіх кулямётаў. А куды падзенуцца кулямёты тамтэйшых хлопцаў? Мы можам іх ураўнаважыць сваімі.

Зяленскі: Саша, усе нашыя кіраўнікі цябе пыталіся, не парушу традыцыю: ты не прапусьціш расейцаў празь Беларусь на нас, калі нават ім вельмі захочацца? І ці захочацца ім?

Лукашэнка: Валодзя, у цябе там ізноў Майданам пахне. Мая табе парада — не саступай, не нахіляйся, пакажы, што ты мужык, а не анучка. Інакш кірдык табе, паедзеш у Растоў.

Зяленскі: Саша, а што ў цябе з расейцамі, куды завядзе гэтая вашая інтэграцыя? Яны цябе зусім заціснуць ці грошай не дадуць?

Лукашэнка: А як ты сабе ўяўляеш гэтыя выбары ў Данбасе? Глядзі, расейцы вас могуць кінуць. Разам з эўрапейцамі. Як бы ты дурнем не аказаўся ў выніку. А народ у вас гарачы.

Зяленскі: Саша, падкінулі б вы нам паболей паліва. Расейцы нас прыціснулі, зіма хутка. Мы знойдзем варыянты, але зараз трэба хутка абярнуцца.

Лукашэнка: Падставіў цябе Трамп капітальна. А пра эўрапейцаў і ён і ты праўду казалі. Чужыя яны нам, Валодзя, уключна з Трампам. А мы — ім. Урок табе. Трэба сваіх трымацца.

Магчыма, калісьці зьбег абставінаў запоўніць прабелы ў гэтай гутарцы. . Але гледзячы па тых жа зьлівах у Wikileaks і па апублікаванай стэнаграме гутаркі Трампа і Зяленскага размаўляюць уладары сьвету прыкладна гэтак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(6)