Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Перспектывы перамогі Расіі няма. Заўважце, больш ніхто не гаворыць, што ўсё ідзе паводле плана»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст падзяліўся з Филином меркаваннем пра тое, што стаіць за заклікамі да «народнай вайны» і пагрозамі выбуху «бруднай» бомбы.

Юрый Дракахруст

— Следам за расійскай прапагандай міністр абароны РФ Сяргей Шайгу ў размовах з заходнімі калегамі загаварыў пра «брудную» бомбу, якую нібыта можа выкарыстаць Украіна.

Гэтыя заявы гучаць на фоне паведамленняў пра магчымы падрыў Кахоўскай ГЭС. Нібыта такім чынам расійскі бок хоча змазаць эфект ад верагоднай страты Херсона.

Чым можна патлумачыць гэтыя выбухованебяспечныя навіны?

— Што датычыць першага, то тут відавочны момант — Расія не перамагае ў гэтай вайне. Ці прайграе яна, пра гэта можна спрачацца, але дакладна не перамагае. І нават мабілізацыя ніякага карэннага пералому на карысць Расіі не прынесла.

Таму расейцы карыстаюцца тымі козырамі, якія ў іх засталіся. Ці тым, што з’яўляецца, як ім здаецца, такімі козырамі. У дадзеным выпадку — палохаць ваенна-палітычную эліту Захаду, абазначаць, што сітуацыя можа яшчэ больш пагоршыцца.

Пасланне вельмі простае — спыніце альбо прыпыніце падтрымку. Бо ўсе разумеюць, што заходняя фінансавая і ваенная падтрымка Украіны адыгрывае ключавую ролю. І гэта такі спосаб яе зменшыць.

Ці атрымаецца? Зусім не факт. Не бачна пакуль па заходняй рэакцыі, мне падаецца, каб гэта ўспрымалі ўсур’ёз.

Што датычыць размоваў пра магчымы падрыў Кахоўскай ГЭС, то расійскі бок абвінавачвае ў гэтым украінцаў. Хаця ніхто не можа зразумець, навошта гэта Украіне. Але падобныя пагрозы і абвінавачванні можна расшыфроўваць такім чынам: мы ў гэтым вінавацім украінцаў, але вы ж разумеце, што гэтую плаціну можа падарваць хто заўгодна. 

Магчыма, мэта тут у тым, каб украінцы, што называецца, не селі на хвост расійскім войскам у часе іх адступлення. Каб далі ім магчымасць сыйсці. Маўляў, станцыю могуць падарваць, плаціна можа абрынуцца, а тады не скардзіцеся. А каб гэтага не здарылася, не спяшайцеся, пакуль мы не адвядзем войскі.

   — Шэраг расейскіх дзяржаўных і палітычных дзеячаў адзначыліся гучнымі заявамі. Намеснік старшыні Савета бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў выказаўся пра права Расіі адстойваць свае інтарэсы на тэрыторыях трэціх краінаў.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Сяргей Кірыенка заявіў, што Расія можа перамагчы ў вайне толькі тады, калі гэтая вайна стане «народнай».

Імперац Аляксандр Дугін непакоіцца, што Захад можа запатрабаваць не толькі вяртання акупаваных тэрыторый, але і аддзялення Сібіры і Каўказу.

Ці маюць гэтыя заявы агульны стрыжань? Расейцаў і праўда рыхтуюць да «народнай» вайны?

— Стрыжань тут той, пра які я казаў вышэй. Перспектыва перамогі пакуль вельмі цьмяная, мякка кажучы. Перспектывы перамогі няма. Заўважце, больш ніхто не гаворыць пра тое, што ўсё ідзе паводле плана. Зніклі гэтыя размовы.

Невыпадкова ў Расіі ўжо прыгадваюць і крымскую вайну, і руска-японскую, і Афганістан — груба кажучы, расійскія паразы. У гэтай сітуацыі кожны прыдумляе штосьці сваё. Паколькі Мядзведзеў узяў сабе амплуа самага ястрабінага ястраба, ён кажа, што Расія можа весці войны, дзе заўгодна.

Можа. Але была анэксія, калі прымалася гэтае рашэнне, гучалі словы пра тое, што мы можам у выпадку чаго прымяніць любую зброю. І дзе цяпер любая зброя? Высвятляецца, што не ўсё можна, а  тым больш напасці на трэція краіны, калі ідзе размова пра краіны НАТА.

Бо калі Расія не перамагае ў вайне з Украінай, узброенай натаўскай зброяй, то ў выпадку сутыкнення з самім НАТА як бы не абярнулася ўсё яшчэ больш гучнай паразай.

Але палітыку ніхто не адмяняў. Нідзе, дарэчы, ні ў Расіі, ні ва Украіне, ні на Захадзе. Людзі працягваюць займацца палітыкай, той жа Мядзедзеў робіць гучныя заявы.

Заява Дугіна, я думаю, таксама з’яўляецца элементам апрацоўкі грамадскай думкі. Як у песні, «пусть ярость благородная вскипает, как волна», паспрабаваць узняць ярасць народную, мабілізаваць супраць ворага, які хоча ўжо адабраць і спрадвечныя тэрыторыі, якія афіцыйна належаць РФ.

Тая ж самая мэта ў заявы Кірыенкі. Так, вялікага энтузіязму ў расійскім грамадстве наконт новай фазы «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ці вайны, як яе ўжо пачалі называць нават пракрамлёўскія лаялісты, няма.

Тут спадзеў і сапраўды на пад’ём, але яго неяк не назіраецца.

Я б не сказаў, што ў Расіі больш няма нікога, хто б хацеў ваяваць. Але ёсць гіганцкія лічбы ўцёкаў за мяжу, новай эміграцыі мужчын, якія не хочуць ваяваць. Страшны бардак у часе мабілізацыі, але тут, зрэшты, як заўжды ў Расіі.

Акрамя таго, праведзеныя акурат пасля пачатку мабілізацыі апытанні, пры ўсёй іх умоўнасці ў сённяшняй Расіі, паказваюць, што падтрымка вайны істотна ўпала. Настроі грамадства далёкія ад энтузіязму.

Гэта не 1914-ы, калі многія ў тагачаснай Расіі віталі вайну, хацелі яе. Цяпер настроі зусім іншыя. Апошняе апытанне «Левада-цэнтра» фіксуюць абвал, якога не было за ўсе гады назірання.

Гэта не азначае, што ўсё абвалілася назаўжды. Але шок, рост незадавалення, розных негатыўных рэакцый відавочны. І ў такой сітуацыі застаецца заклікаць, як гэта робіць Кірыенка, маўляў, «вставайте, люди русские». Ці як Дугін, які палохае, што ўсё парвуць на шматкі. Хоць пра гэта ніхто і не кажа.

— Што адбываецца ў Беларусі? Нам нібыта пагражае ўварванне ВСУ, але беларускае войска відавочна не рыхтуецца да гэтага — няма ні абарончых збудаванняў, ні іншых лагічных у такіх выпадках мерапрыемстваў.

Прыбыццё новых расійскіх падраздзяленняў — гэта спроба атрымаць гарантыі бяспекі для сябе, ці ўсё ж падрыхтоўка да чарговай атакі на Украіну?

— Першыя меркаванні экспертаў, якія я бачыў, былі пра тое, што ў Беларусь будуць перакідаць не ўдарныя падраздзяленні, не падрыхтаваныя часці, а наадварот. Перакідваць мабілізаваных, якіх на беларускіх палігонах будуць вучыць расійскія і нашыя афіцэры.

На відэа мы бачым абсалютна цывільных людзей — хто ў акулярах, хто з бародамі. Зразумела, што гэта не ўдарныя батальёны. Не сілы, якія зараз можна кінуць на перадавую, на пазіцыі, якія ўкраінцы ўжо падрыхатвалі — масты разбурылі, мяжу замінавалі.

Хутчэй за ўсё, іх сапраўды будуць вучыць. А што будзе праз некалькі месяцаў, калі іх навучаць? Тады мы і вернемся да гэтай размовы.

Што тычыцца беларускай пазіцыі, то ёсць усё ж адчуванне, што нейкая падрыхтоўка ідзе. У тым сэнсе, што вучэнні як ішлі, так і працягваюць ісці. Магчыма, нейкая дальняя падрыхтоўка да мабілізацыі сапраўды адбываецца. Не выключана, што паглядзелі на тое, як гэта даволі бесталкова адбываецца ў Расіі. І вырашылі дзейнічаць ў арганізацыйным рэчышчы.

Адсюль і атрыманне людзьмі мабілізацыйных прадпісанняў. Правяраюцца базы дадзеных, прабіваюць інфармацыю пра тое, хто ёсць, каго няма. Таму пэўная падрыхтоўка да ўдзелу вядзецца. Але падрыхтоўка гэтая не азначае, што яна абавязкова трансфармуецца ў наўпроставы ўдзел.

Я думаю, што адзін з адрасатаў усіх гэтых жэстаў і гучных заяваў — Крэмль. Маўляў, бачыце, мы вас падтрымліваем, рыхтуем мабілізацыю.

Дарэчы, звярніце ўвагу. Вось кажуць, што Лукашэнка — марыянетка. А вось Кім Чэн Ын хто? Здаецца, ён не з’яўляецца марыянеткай Пуціна.

Але ці не на наступны дзень пасля абвяшчэння анэксіі новых украінскіх тэрыторый МЗС Паўночнай Карэі зрабіла заяву пра прызнанне гэтых тэрытарыяльных зменаў.

Ніякіх падобных заяваў беларускае МЗС не рабіла. Так, Беларусь прагаласавала ў ААН супраць рэзалюцыі, якая асуджала анэксію. Можна сказаць, што занялі такую ж пазіцыю. А ўсё ж не такую, не абсалютна тоесную пазіцыі Пхеньяну. Таксама дэманстрацыя: вось гэта мы зрабілі, а вось гэта — прабачце.     

Замест гэтага мы будзем надзімаць шчокі, рыхтаваць мабілізацыю, будзем вашых вучыць. Такое, мне падаецца, не вельмі пэўнае пасланне. Не скажаш, што мы праз тыдзень уступім у вайну. Але і адваротнае не выключанае. Усе гэтыя рухі цела могуць класціся і ў той, і ў іншы сцэнар.