Дракахруст: «Панты Лукашэнкі будуць дорага каштаваць і яму, і краіне»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст – пра тое, як Аляксандр Лукашэнка ідзе шляхам Садама Хусэйна.

– Напачатку ХХІ стагодзьдзя ірацкі дыктатар Садам Хусэйн катэгарычна адмаўляўся дапусьціць экспэртаў МАГАТЭ на некалькі аб'ектаў, на якіх, як меркавалася, хаваецца ці распрацоўваецца ядзерная зброя, – піша Дракахруст. – На некаторыя пускаў, на некаторыя – ніяк.

Пры гэтым кляўся, што ніякай ядзернай зброі на гэтых, забароненых для агляду аб'ектах, няма.

Юрый Дракахруст

Як бачыў і аналізаваў сытуацыю Захад, найперш ЗША? Словы і клятвы дыктатара ня вартыя нічога. Але калі хавае, значыць, ёсьць што хаваць. Ну так жа – а як можа быць інакш?

Выведка давала інфармацыю супярэчлівую і няпоўную. Яна пры вывучэньні такой закрытай сыстэмы, як тагачасны Ірак, і не магла быць іншай. Можа зброя ёсьць, можа няма. Але гэтая няпэўная выведная інфармацыя накладалася на цалкам лагічную і рацыянальную выснову – калі хавае, то ёсьць што хаваць.

У выніку рашэньне было прынятае на падставе гэтай высновы. Прычым яна насамрэч была падставай, вядома, што амэрыканскія салдаты, калі ўваходзілі ў Ірак, былі аснашчаныя строямі абароны ад радыяцыйнага заражэньня. Зыходзілі з таго, што ядзерная зброя ў ірацкага дыктатара есьць.

Але высьветлілася, што менавіта ў гэтым пытаньні Хусэйн гаварыў праўду. І ядзернай зброі не было нідзе, у тым ліку і на аб'ектах, на якія ён не пускаў МАГАТЭ. Дык а якога ж хрэна не пускаў, ён наагул нармальны быў?

Ну як сказаць. Як у Шэксьпіра – у гэтым вар'яцтве ёсьць свая сыстэма. У выпадку Хусэйна – нежаданьне хіліцца, адчуваць сябе «нахіленым», слабаком. Нехта скажа – гонар, нехта – прэстыж, нехта – панты.

Не кідай гэтыя панты Хусэйн, мо і ня скончыў бы так, як скончыў. Але каб не яны, калі б ён быў іншым чалавекам, дык і ня стаў бы ўладаром велізарнай краіны. Як той казаў, стыль – гэта чалавек.

Гэты экскурс у падзеі 20-гадовай даўніны – да заявы Лукашэнкі «"Вагнэр" у Беларусі быў, ёсьць і будзе». Не, калі сапраўды будзе, то аналёгія не працуе. Але ёсьць пэўныя падставы меркаваць, што ня будзе. Лукашэнка і сам прызнаў, што прынамсі частка вагнэраўцаў ужо пакінула Беларусь.

Але прызнаць, што яны выводзяцца ўсе і назусім, яму гэтак жа немагчыма, як Хусэйну было немагчыма дазволіць МАГАТЭ праінспэктаваць падазроныя аб'екты. І немагчыма дакладна па тых жа самых прычынах, што і ірацкаму калегу.

І з рацыянальнага гледзішча – сабе ж на шкоду. І мяркую, што і Хусэйн тады разумеў гэта, і Лукашэнка зараз разумее. Але натура, характар, нораў кажуць – не магу інакш, горш дык горш, хай будзе што будзе, неяк выкручуся, ня ў першы раз.

Ну а Захад – хіба ён мусіць разумець гэтую цемру падсвядомага дыктатараў?

Хусэйну тады не паверылі. А Лукашэнку зараз павераць. І яго панты будуць дорага каштаваць і яму, і краіне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(37)