Выборы-2020

Дракахруст: «Месца лідэра апазыцыі ў Беларусі — свабоднае»

Што яшчэ паказалі праймэрыз. На Радыё Свабода тлумачыць Юры Дракахруст.

Фота facebook.com/adziny2020

Удзельнікі праймэрыз ад апазыцыі зрабілі заяву, што ня будуць вызначаць адзінага кандыдата па выніках праймэрыз. На гэтай ідэі паставілі апошнюю тлустую кропку.

Ня тое, каб ідэя гэтая ад самага свайго пачатку выклікала вялікае натхненьне ў сваім першасным, афіцыйным сэнсе. Першасны сэнс быў — вылучыць адзінага кандыдата ад часткі апазыцыі, які ад гэтага складаньня сілаў атрымае шанцы рэальна паспаборнічаць з Лукашэнкам за ўладу.

На гэта, напэўна, не разьлічваў амаль ніхто, у тым ліку і ўдзельнікі працэсу. Але праймэрыз тэарэтычна маглі мець ускосны, але таксама карысны вынік — кансалідаваць хай бы і пэўную частку апазыцыі, вызначыць яе адзіны голас, прадэманстраваць, што апазыцыя здольная не адно сварыцца і лаяцца паміж сабой.

Сьціпленькая, скажам наўпрост, мэта, але ў прынцыпе, тэарэтычна, дасягальная. Удзельнікі праймэрыз маглі сустракацца зь людзьмі, зьбіраць галасы ў падтрымку онлайн, вызначыць на падставе гэтых працэдураў найлепшага, павіншаваць яго і рыхтавацца да супольнай кампаніі зь ім на чале.

А што атрымалася на самой справе? Проста паводле раману Агаты Крысьці «Дзесяць нэгранятаў», дзе ў кампаніі, замкнёнай на высьпе, штодзень памірае чарговы пэрсанаж.

Тут ніхто не памёр, дзякаваць Богу. Але падобна. Спачатку з працэсу выключылі Ганну Канапацкую. Потым Павал Севярынец, абвінаваціўшы Юрася Губарэвіча ў маніпуляцыях пры галасаваньні, сам бразнуў дзьвярыма.

Неўзабаве за Севярынцам адправіўся прэч Аляксей Янукевіч. Пасьля падвядзеньня вынікаў онлайн-галасаваньня разгарэлася гучная звада паміж згаданым Губарэвічам і Віталём Рымашэўскім, партыйным калегам яшчэ адной удзельніцы праймэрыз — Вольгі Кавальковай.

І тут нават няважна, хто меў рацыю ў гэтых гарачых баталіях. Важны канчатковы вобраз поўнай анігіляцыі ўсіх шаноўных удзельнікаў працэсу.

Мяркую, што менавіта такога «ідэальнага» выніку не чакалі нават самыя суровыя крытыкі праймэрыз. Што яго ўдзельнікі абавязкова пасварацца — гэта прадказвалі і гэтага асьцерагаліся многія. Але што пасварацца літаральна ўсе з усімі — такую вяршыню палітычнага «майстэрства» было складана прадбачыць.

І на рэжым асабліва ня сьпішаш. Ня выключана, што і ён не зусім ужо стаяў у баку, але наўрад ці яму па сілах было дасягнуць такога аглушальнага «посьпеху».

Пераважна самі. І калі праймэрыз былі спробай даказаць здольнасьць да хаця б мінімальнай кансалідацыі, яны аказаліся бліскучым і неабвяргальным публічным доказам дакладна адваротнага.

Лаяць удзельнікаў праймэрыз нават няма асаблівай ахвоты. Проста яны паказалі і грамадзтву, і нават яго палітызаванай, апазыцыйна настроенай частцы, што месца палітычнага лідэрства хаця б гэтай часткі грамадзтва пустое.

Тут нават не пра прэзыдэнцкія выбары, хаця і пра іх. А пра прадстаўніцтва інтарэсаў ладнай часткі беларускага народу, якой надзвычай абрыдлі беларускія парадкі.

Дык вось месца — свабоднае, дарога — свабодная. Хто яго зойме — Канапацкая, Ціханоўскі, Цапкала, Бабарыка, Матолька? Ня ведаю. Можа і ніхто зь іх. Але ў сьвятле яскравай анігіляцыі праймэрыз стала відавочна, што месца свабоднае. І хаця настолькі пераканаўчая дэманстрацыя гэтага не ўваходзіла ў пляны арганізатараў праймэрыз, іх можна за яе нават падзякаваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(27)