Комментарии
Аляксандр Чубрык, «Наша Ніва»

Доўганечаканы рост

Нарэшце, Беларусь выйшла з рэцэсіі — з палёгкай уздыхнеце вы, зайшоўшы на сайт Белстату, каб пацікавіцца вынікамі 2009 года. ВУП не ўпаў, нават вырас — на 0,2%.

Як заўжды, магчымыя два тлумачэнні — альбо «ажыўленне на замежных рынках разам з ростам інвестыцыяў сталі галоўнымі фактарамі росту эканомікі ў чацвёртым квартале (а ім дапамог эфект нізкай базы канца 2008 года)», альбо «айчынная статыстыка чарговы раз давяла цікаўным, што няма нічога немагчымага».

Ні адно, не другое нельга ні пацвердзіць, ні абвергнуць.Цікава толькі, што дадзеныя Белстата (паскарэнне росту ВУП з кастрычныка 2009 года) «трохі» супярэчаць іншым афіцыйным дадзеным -Маніторынгу прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі,

які ладзіць Нацбанк.

Па-першае, і ў кастрычныку, і ў лістападзе колькасць прадпрыемстваў, на якіх быў адзначаны спад вытворчасці і агульнае пагаршэнне сітуацыі, у параўнанні з папярэднімі месяцамі, павялічвалася. Больш за тое, індэкс бізнэс-клімату пагоршыўся нават у параўнанні з адпаведным перыядам 2008 года, калі крызіс толькі пачынаўся.

Нарэшце, цытуючы Нацбанк, «у студзені-лістападзе 2009 года…назіраліся адмоўныя змены асобных паказчыкаў іх [прадпрыемстваў] фінансава-гаспадарчай дзейнасці ў параўнанні з студзенем-лістападам 2008 года. Пагоршылася эканамічнае становішча шмат якіх прадпрыемстваў. Узровень фізічных аб’ёмаў вытворчасці, загрузкі вытворчых магутнасцяў, фізічных аб’ёмаў замоваў на ўнутраным і замежных рынках, чыстага прыбытку быў ніжэйшы за ўзровень студзеня-лістапада 2008 года, а пратэрмінаванай крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасці — вышэйшы».

Калі нават рост ВУП і быў, на халеру ён нам такі патрэбны? Можа, варта кінуць хлусіць самім сабе і пачаць грунтаваць аналіз і эканамічную палітыку на адэкватнай статыстыцы? Даруйце за рытарычныя пытанні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)