Выборы-2020

Доктар палітычных навук: «Лукашэнка ўжо нават не спрабуе спадабацца большасьці»

Дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч на Радыё Свабода – пра асаблiвасцi кампаніі-2020.

Пра сілавы шлях у гэтай прэзыдэнцкай кампаніі

— Тут два моманты. Па-першае, мы назіраем правал на шмат якіх кірунках унутры самой сыстэмы, у тым ліку па лініі спэцслужбаў. Адыход ад лібэралізацыі пачаўся ў Беларусі прыкладна два гады таму. Рубяжом былі мясцовыя выбары ў 2018-м. Сыстэма ўсё больш закрывалася. У выніку яны загадзя не пралічылі ні Ціханоўскага, ні Бабарыку, інфармацыйна цалкам перасталі трапляць у настроі насельніцтва.

Па-другое, улада проста лянуецца гуляць больш складана. У мяне такое адчуваньне, калі я гляджу на выступы Лукашэнкі: раней ён спрабаваў спадабацца большасьці, выбіраў фразы, рыторыку — а цяпер неяк лянуецца працаваць у гэтым кірунку, падладжвацца пад аўдыторыю. Стаўка была зроблена проста на сілу і рэпрэсіі. Хоць было шмат іншых мэханізмаў, якія можна было выкарыстоўваць цягам гэтай кампаніі.

І гэта будзе мець відавочныя нэгатыўныя наступствы, якіх сыстэма мусіла б пазьбягаць усімі сродкамі.

Пра наступствы цяперашніх дзеяньняў

— Усё складаецца вельмі кепска. Парадокс сытуацыі ў тым, што гэта ўсё вельмі лёгка прадбачыць, настолькі гэта відавочна. Крокі ўлады падчас гэтай кампаніі адназначна прывядуць да пэўнай замежнапалітычнай ізаляцыі, прынамсі часовай. Невядома, якія формы набудзе рэакцыя Захаду — ці санкцыі, ці проста абмежаваньне супрацоўніцтва, — але ўсё ідзе да таго, што гэтая рэакцыя вымушаная быць дастаткова жорсткай.

Тое, над чым працавалі апошнія 6 гадоў у адносінах з Захадам, цалкам зьнішчана. І гэта будзе мець вельмі сур’ёзныя эканамічныя наступствы. Нармалізацыя стасункаў з Захадам магла прынесьці доступ да пэўных фінансавых рэсурсаў. Цяпер усё гэта ўскладняецца, гэтыя страты будуць адчувальнымі.

Нанесена глыбокая шкода бізнэс-клімату, спрыяльнаму асяродзьдзю для прыцягненьня інвэстыцыяў у краіну. Вельмі прыкметным званком стала ўвядзеньне часовай адміністрацыі ў «Белгазпрамбанку».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(98)