Аналітык: «Для Лукашэнкі чалавек у пагонах — ідэал»

Сярод чыноўнікаў усё больш экс-сілавікоў. Чаму так і што будзе далей? Разважаюць аналітыкі Ягор Лебядок і Аляксандр Класкоўскі.

Ужо былая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава працягнула беларускую традыцыю, па якой людзі ў пагонах займаюць крэслы чыноўнікаў. Чамаданава ўзначаліла ўпраўленне ідэалогіі Мінгарвыканкама.

Былых сілавікоў на грамадзянскіх пасадах становіцца ўсё больш і больш: прэм’ер Галоўчанка, кіраўнік АП Сергеенка, памочнікі па абласцях Барсукоў, Вакульчык і Караеў… Усе яны былі прызначанаыя адносна нядаўна, і ўсе яны выхадцы з МУС і КДБ, Генпракуратуры. Няўжо Лукашэнка сапраўды давярае цяпер толькі сілавікам? І што будзе далей? Разважаюць аналітыкі Ягор Лебядок і Аляксандр Класкоўскі.

«Ваенны камунізм не праіснаваў доўга, так і тут»

— Гэтая тэндэнцыя пачалася яшчэ ў 2020 годзе, калі прызначылі прэм’ерам Рамана Галоўчанку, калі Лукашэнка пачаў разумець, што ўсё хістаецца і ўтрымаць гэта магчыма з дапамогай вайсковай іерархіі, — кажа Ягор Лебядок. — Людзі, для якіх маюць вагу правы чалавека і ўвогуле мысленне, сталі непатрэбнымі. Пачалі патрабавацца людзі, якія, як сказаў сам Лукашэнка, «адданыя і патрыёты». Каго ці чаго патрыёты — ўсе разумеюць.

Людзі, якія будуць выконваць любую каманду, нягледзячы на заканадаўства. І цяпер гэтая тэндэнцыя працягваецца і становіцца нават больш інтэнсіўнай, бо хістанне вертыкалі не скончылася.

Такія людзі робяць тое, што ім скажуць. Яны могуць не разумець чагосьці, не разбірацца ў эканоміцы ці ідэалагічным сектары, але яны адданыя і выканаўчыя. Гэта тое, што трэба ўладзе, каб пратрымацца гэты час.

Бо галоўная задача ў яго сёння — ўтрымаць тое, што ёсць. І колькасць сілавікоў сярод кіраўнікоў і чыноўнікаў будзе павялічвацца.

На нядаўняй нарадзе Лукашэнка сказаў, што ёсць шмат генералаў і палкоўнікаў на пенсіі, іх трэба прыцягваць да працы.

Гэта ж яшчэ і такі пернік для сілавікоў, што, маўляў, служыце добра і пасля можаце разлічваць на цёплае месца. І гэта прывабная перспектыва для іх: немалая пенсія ў 50 гадоў плюс пасада кіраўніка.

Сядзі, падпісвай дакументы, кіруй, твае першапачатковыя задачы: дысцыпліна і ідэалогія, на першы час з працай будуць разбірацца намеснікі. Не будзеш шмат грошай браць, будзеш лаяльны — ніхто табе не пасадзіць нават калі прадпрыемства не будзе паказваць нейкія вынікі.

Але калі гэта працягнецца доўга, гэтая тэндэнцыя прывядзе да яшчэ большага крызісу. Бо як першапачатковы сродак утрымання сітуацыі і сістэмы — гэта добра.

Але пасля будзе трэба развіццё, трэба будзе планаваць эканоміку, сацыялку, а людзі ў пагонах не спецыялісты ў гэтым, прабачце. Таму безумоўна, што гэта прывядзе да спаду з цягам часу.

У тым ліку і таму, што падначаленым гэтых сілавікоў гэта таксама не да спадобы. Уявіце, чалавек працуе ў сваім упраўленні ці на прадпрыемстве ўсё жыццё, караскаецца па кар’ернай лесвіцы, а тут над ім ставяць проста загадам зверху не прафесіянала ў яго сферы, а экс-сілавіка.

Які стымул у падначаленых працаваць лепш, калі кар’ерныя шляхі такім чынам закрытыя? Ваенны камунізм не праіснаваў доўга, так і тут.

Мяркую, што Лукашэнка і сам гэта разумее, але пакуль не можа нічога іншага зрабіць.

«У гэтым і сутнасць калізіі: засталася старая сістэма ўлады, заснаваная на раздачы даручэнняў і шчоўканні абцасамі»

Аляксандр Класкоўскі адзначае, што чалавек у пагонах — ідэальны кіраўнік на думку Лукашэнкі.

— Чамаданава, магчыма, змяніла пасаду праз злівы тых праслушак размоваў. Яна фігуруе там у такім скандальным кантэксце, магчыма, праз гэта вырашылі прыбраць яе з МУС, — мяркуе Класкоўскі. — А ўвогуле, кадравая тэндэнцыя сапраўды не новая.

Апошнім часам сапраўды стала болей сілавікоў на пасадах чыноўнікаў, але ж Лукашэнка ўвесь час аддаваў перавагу менавіта такім кадрам.

Неаднойчы пры прызначэннях ён падкрэсліваў, што людзі ў пагонах і дысцыплінаваныя, і заўжды выконваюць загады, і гэтак далей. Для яго чалавек у пагонах — ідэал.

І ўся яго сістэма — камандна-адміністрацыйная. Таму яму здаецца, што на пасадах кіраўнікоў ідэальнымі будуць людзі з вайсковым ці міліцэйскім тыпам мыслення. У пэўнай ступені, у такой сістэме гэта працуе, калі галоўнае — выкананнне загадаў.

Але ж і грамадства, і эканоміка, і іншыя сферы яны складаныя. І за той час, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, яны сталі яшчэ складанейшымі.

У гэтым і сутнасць калізіі: засталася старая сістэма ўлады, заснаваная на раздачы даручэнняў і шчоўканні абцасамі, але гэтая сістэма састарэла, гэта ўжо анахранізм.

Але ўлада разумець гэтага не хоча і зноў робіць стаўку на такія кадры, якія не могуць вырашаць складаныя задачы.

А не могуць, бо праз міліцэйскі ці вайсковы бэкграунд маюць сваю парадыгму вырашэння пытанняў, гэтая парадыгма, як правіла спрошчаная і зусім не адпавядае складанасці некаторых сфераў.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:20)