Дашкевіч: «Уявіць, што расступіцца зямля і героі ўваскрэснуць з-пад вапны, ня мог нават самы сьмелы патрыёт»

Грамадзкі актывіст – пра перапахаванне Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 удзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў у Вiльне.

– Маштаб, зь якім патрыёты Беларусі праз візавы кардон і працоўны графік прарваліся ў Вільню, каб ушанаваць Кастуся Каліноўскага, бацьку нацыі, – маштаб гэты шакаваў усіх, – пiша Зьміцер Дашкевіч. – Летувіска сярэдняга веку, побач зь якой мы з сябрамі сядзелі ў кавярні, на ламанай расейскай так прачулена распавяла нам, у кім яны захапленьні ад беларусаў, аж прасякнуліся 22 лістапада духам свабоды пачатку 90-ых.

Можна колькі заўгодна спрачацца пра спадчыну Паўстаньня, але гэтыя дні яскрава выявілі, дзеля чаго перадусім жыў і за каго перадусім змагаўся Кастусь Каліноўскі. Можна колькі заўгодна выразаць з этэру бел-чырвона-белыя сьцягі, але ўваскрэслыя з-пад вапны героі пераконваюць нас: Праўда перамагае нават тады, калі ейных носьбітаў спыняюць фізычна.

Зласьліўцы Беларусі спрабуюць даказаць, што Каліноўскі паляк і паўстаньне чыста польскае, хоць сам Яська гаспадар з-пад Вільні ад самага пачатку пісаў: «Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны ня вольнасьці, а глуму і зьдзерства нашага хочуць» (Мужыцкая праўда, 1:16). Зласьліўцы Каліноўскага спрабуюць даказаць, што Каліноўскі перасьледваў праваслаўных, хоць за падтрымку паўстаньня самі расейцы рэпрэсавалі 14 праваслаўных сьвятароў.

Ворагі Беларусі скрыгочуць, што Паўстаньне было бяссэнсоўным, але ж на мапе сьвету няма сёньня турмы народаў, але ёсьць незалежныя Польшча, Летува, Беларусь, за свабоду якіх і змагаліся паўстанцы 1863-1864 гадоў.

Уявіць, што расступіцца зямля і героі Паўстаньня ўваскрэснуць з-пад вапны, ня мог нават самы сьмелы патрыёт. Але Бог гэта зрабіў. І зрабіў не абы калі, а менавіта цяпер, калі на 30-ым годзе незалежнасьці мы зноў разважаем пра страту незалежнасьці. Зрабіў менавіта ў гэтыя дні, калі на 20-ым годзе будаваньня «Саюзнай дзяржавы» адміністрацыя зноў прэцца ў імпэрыю дзеля новай дамовы на рабства.

Карбалевіч: Беларускія ўлады на вачах мяняюць стаўленьне да постаці Каліноўскага

Тое, што Каліноўскі недарабіў на зямлі ў целе, ён робіць сёньня па-за целам. І разважаць над гэтай містэрыяй было б добра сёньня кожнаму патрыёту. Каб упэўніцца ў сабе, каб умацавацца вераю, што Госпад ня кідае нас нават у сёньняшнім нашым расьцярушаньні.

Творца гісторыі уваскрасіў нас з-пад вапны турмы народаў, уваскрасіў з-пад вапны імпэрыі зла, Ён уваскрасіць нас і з-пад вапны часовай акупацыйнай адміністрацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(86)