“Да сумленьня Вашага ніхто апрача Вас самых ня мае доступу”
Адкрыты ліст старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы да настаўнікаў Беларусі з нагоды пачатку новага школьнага году.
Дарагія настаўнікі Беларусі, як прыемна было б пачуць, што Вы таксама выбралі гэтую прафэсію, каб зрабіць з нашых беларускіх дзетак лепшых Беларусаў, з пачуцьцём адказнасьці за будучыню свае Бацькаўшчыны, за зьберажэньне свае культуры і свае мовы.
Вельмі ж прыкра чуць юнакоў, якія прыяжджаюць зь Беларусі на летні адпачынак у Канаду ды дзівяцца, што нехта ў Канадзе гаворыць па-беларуску...
Мы тут гэтую мову шануем і ўважаем нашым агульнабеларускім скарбам. Пачуцьцё гэтае стараемся перадаць нашым дзецям. Уявеце сабе іхнае расчараваньне, калі прыехаўшы ўпершыню ў Беларусь яны чуюць мову чужую, не беларускую. А ад Вас залежыць у вялікай меры павага ў Беларусі да свае мовы, да ўсяго беларускага, бо Вы зьяўляецеся найбольшым аўтарытэтам для сваіх вучняў.
У жыцьці кожнага з нас былі настаўнікі, якія зрабілі на нас вялізарны уплыў. Некаторыя з нас выбралі прафэсію дзеля свайго захапленьня настаўнікам ці настаўніцай. Уплыў настаўнікаў на наш сьветапогляд, на людзкія вартасьці, якіх мы будзем прытрымоўвацца да канца жыцьця, бясспрэчны. У нашым сьвеце, дзе бацькі праводзяць штораз менш часу з сваімі дзецьмі, таму што змушаныя абое працаваць, ад Вас залежыць будучыня нашага народу і нашага краю.
Што рэжым у Беларусі антыбеларускі, гэта усім ведама Але ж да сумленьня Вашага ніхто апрача Вас самых ня мае доступу. Сваім прыкладам настаўнік можа зрабіць болей як усе ўказы дыктатара.
Зьвяртаюся да Вас сёньня з просьбай: выхоўвайце ў беларускім духу нашых дзетак, каб яны не цураліся свайго. Каб яны былі гордыя, сьмелыя, прынцыповыя. Каб разумелі, што Беларусь іхная Бацькаўшчына і што іхным сьвятым абавязкам ёсьць яе бараніць ад чужых імпэрыялістычных намераў.
Вы, дарагія настаўнікі Беларусі, можаце як ніхто іншы адрадзіць беларускую Беларусь! Сілаў і мужнасьці Вам у Вашай ахвярнай працы».
Читайте еще
Избранное