Цыганкоў: «Сапраўдны Лукашэнка прарываецца ў рэпліках пра «парабкаў» у «якім-небудзь Вялікім Княстве Літоўскім»

На думку журналіста, у кіраўніка краіны ёсьць проста прыроднае непрыняцьце князёў і шляхты.

— Сапраўдны Лукашэнка прарываецца ў рэпліках пра «парабкаў» у «якім-небудзь Вялікім Княстве Літоўскім», — напісаў Віталь Цыганкоў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Бывае, Лукашэнка чытае нейкі напісаны для яго разумны і патрыятычны тэкст пра нашу гісторыю, карані і гэтак далей, гаворыць правільныя (з нашага гледзішча) словы. А потым скажа што-небудзь экспромтам ад сябе, што на самой справе найбольш шчыра і адкрыта яго характарызуе.

Адно з такіх апошніх выказваньняў выдатна прапануе нам сапраўднага Лукашэнку. «Не адстаць, бо яны нас адной рукой прыхопяць, і будзем мы зноў парабкі ў якім-небудзь Вялікім Княстве Літоўскім або Рэчы Паспалітай».

Парабкі... у якім-небудзь... Гэтыя словы, самі па сабе даволі красамоўныя, ажывілі ўспамін, пра які я калісьці ўжо пісаў у адным са сваіх блогаў — пра тое, як Лукашэнка адзіны раз у сваім прэзыдэнцкім жыцьці хадзіў у тэатар — а я быў гэтаму сьведкам. Далей проста працытую:

«Было гэта якраз у 2002 годзе, калі паводле патрабаваньняў моманту (падчас першага «павароту да сувэрэннасьці») хтосьці падказаў, што прэзыдэнту варта зрабіць знакавы крок і схадзіць у Нацыянальны тэатар на нацыянальны спэктакль «Князь Вітаўт». Дарэчы, з такой нагоды ўпершыню за дзесяцігодзьдзі сэзон у Купалаўскім адкрывалі не «Паўлінкай», а прэм’ерай новай п’есы. Загадзя пра прысутнасьць Лукашэнкі я нічога ня ведаў і прыйшоў у тэатар як звычайны глядач — але ў выніку спазнаў сапраўдны катарсіс.

Галоўны герой краіны нават у тэатры павінен заставацца галоўным. Пасьля заканчэньня спэктаклю прэзыдэнт выйшаў на сцэну і пачаў тлумачыць гледачам, чаму раней усё было няправільна, як заганна паводзілі сабе князі, бо ня слухалі народ, ігнаравалі яго памкненьні, але цяпер мы праводзім зусім іншую палітыку, народную і для народу. Цяпер у нас усё вырашаецца большасьцю, а ня купкай людзей.

Памятаю, як відавочна ніякавата было артыстам, якія стаялі на сцэне і ўсё гэта выслухоўвалі. Якім чужародным, вартым жалю і сьмеху быў гэты сьпіч на сцэне. Больш Аляксандар Лукашэнка, наколькі мне вядома, у тэатар не хадзіў».

Наколькі мне падаецца, у Лукашэнку ёсьць проста прыроднае непрыняцьцё усіх гэтых князёў, шляхты, «высокародных». Ня буду спекуляваць на тэму, чым гэта выклікана, — але, вядома, можна ўзгадаць акалічнасьці паходжаньня і выхаваньня. У выніку ж кожны раз, калі ён чытае нейкі тэкст пра «нашу гістарычную спадчыну», ВКЛ — ён робіць гэта скрозь зубы, вымушана. А сапраўдны Лукашэнка прарываецца ў рэпліках пра «парабкаў» у «якім-небудзь Вялікім Княстве Літоўскім».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(102)