Общество
Вольга Слуцкая

Цяжарная жонка? Атрымай пяць сутак! (дапоўнена)

Суды над удзельнікамі сёмай акцыі маўклівага пратэсту – а іх затрымалі больш за сто чалавек – распачаліся ў чацвер. Судовая машына выносіць выракі людзям, затрыманым на плошчах беларускіх гарадоў, – суткі арышту. Абвінавачванні грунтуюцца на арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства ці лаянка).

Мінск

Як паведаміла карэспандэнту «Салідарнасці» праваабаронца Наста Лойка, у сталіцы ужо былі вынесеныя першыя прысуды. 10 чалавек, затрыманых у Савецкім РАУС, правялі ноч на Акрэсціна. Чацвярых асудзілі: траім далі па 10 сутак арышту, аднаму – пяць.

– У Андрэя Цімашэнкі цяжарная жонка, і ён прасіў, каб мякчэйшым быў прысуд, – тлумачыць Наста Лойка.

Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», у Першамайскі РАУС былі дастаўленыя каля 10 чалавек. Двух непаўнагадовыя дзяўчын вызвалілі.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску судзяць дваіх чалавек. Супрацоўнікі міліцыі груба ставіліся да прысутных у судзе абаронцаў, насуперак абяцанням старшыні суду.

Паўла Хадзінскага аштрафавалі на 20 базавых велічынь, Максіма Юзафовіча пасадзілі на 10 сутак.

Рэгіены

У Салігорску актывісту Андрусю Тычыне прысудзілі 9 сутак арышту, прадпрымальніку Алегу Бахце далі штраф 20 базавых велічынь.

Суд над маладафронтаўцам Іванам Шылам, затрыманым супрацоўнікамі крымінальнага вышуку ва ўнівермаге «Салігорск», перанесены на пятніцу ў сувязі з тым, што юнак патрабуе адваката, паведамляе сайт saligorsk.org. Хлопца вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы.

Іван Шыла ўжо адбываў пакаранне за ўдзел у маўклівай акцыі пратэсту. 9 ліпеня ён выйшаў з Салігорскага ІЧУ, дзе адбываў 10 сутак і трымаў галадоўку.

У Наваполацку разам з бацькам затрымалі шасцігадовага хлопчыка. Увечары 13 ліпеня Аляксандр Грудніцкі разам з шасцігадовым сынам Яўгенам гулялі ў гарадскім парку непадалёк ад плошчы, дзе збіраліся ўдзельнікі «маўклівай» акцыі. Пасля завяршэння мерапрыемства, калі людзі ўжо пачалі разыходзіцца, супрацоўнікі міліцыі пачалі выхопліваць некаторых з натоўпу. Аляксандр, заўважыўшы гэта, хацеў заступіцца за людзей. У выніку яго запіхалі ў міліцэйскую машыну і разам з малалетнім сынам даставілі ў ГАУС.

– Як я зразумела, калі мужа схапілі, сын пачаў плакаць – і ён пачаў вырывацца да дзіцяці. Міліцыянты, магчыма, палічылі гэта за супраціўленне, – распавяла праваабаронцам жонка затрыманага Ала Грудніцкая. – Дзіця разам з ім запіхалі ў міліцэйскую машыну.

У чацвер Аляксандра Грудніцкага будуць судзіць, як і яшчэ трох затрыманых 13 ліпеня.

У Жодзіне разглядалася адміністратыўная справа затрыманага ўчора падчас «маўклівай» акцыі Рамана Васільева. Суд пакараў маладога чалавека арыштам на трое сутак па артыкуле 17.1 КаАП.

Па словах праваабаронцы Святланы Лапіцкай, якая была сведкай затрымання, Раман не аказваў супраціўлення супрацоўнікам міліцыі. Аднак як паведамілі ўчора праваабаронцам у ГАУСе, на яго склалі пратакол па арт. «Дробнае хуліганства», абвінаваціўшы ў супраціўленні міліцыянтам.

Яшчэ чатырох затрыманых удзельнікаў учорашняй акцыі пратрымалі тры гадзіны, пасля чаго адпусцілі без складання пратаколаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)