Настаўніца: «Цяпер замест балу Наташы Растовай буду распавядаць пра Навагодні баль у прэзыдэнта»

Ганна Севярынец піша на Радыё Свабода пра тое, каб ня трапіцца на вочы галоўнаму вучню краіны.

Як і калі мы канчаткова перастанем вучыць дзяцей. Я думаю, як гэта ўсё будзе выглядаць. З наступнага году перагледзяць вучэбныя пляны – і матэматыкі будзе ўжо ня пяць, а тры гадзіны ва ўсіх сярэдніх навучальных установах. На шчасьце тых, хто пераглядае навучальныя праграмы, ім ужо ня трэба рабіць ніякіх выключэньняў для гімназій-шмімназій.

Чарвей зь біялёгіі, відавочна, выключаць – як і не было. Ну, можа, адзін які параграф застанецца, клясе ў шостай, каб ня трапіцца на вочы галоўнаму вучню краіны. Крый Божа гэтаму вучню потым пайсьці на біяфак! Давядзецца ж і адтуль выкрэсьліваць чарвей!

Дзьве няшчасныя гадзіны матэматыкі перавядуць на факультатывы – гэта значыць, што ў шостай клясе, прыкладам, дзеці ня здолеюць атрымаць дадатковай матэматыкі, бо па санітарных нормах шасьцікляшкі сёньня ня могуць займацца болей, чым займаюцца. Астатнія вымушаны будуць выбіраць матэматыку ў ліку тых трох факультатыўных гадзінаў, якія ім паводле санітарных нормаў можна ўзяць – і калі ты возьмеш тыя самыя дзьве матэматыкі, застанецца толькі адна вольная.

Гэта значыць, што географы, астраномы, філёлягі застануцца без факультатываў – на іх няма каму будзе хадзіць. Застануцца без факультатываў і біёлягі – але яны са сваімі няшчаснымі чарвямі і так ужо ні на што добрае не спадзяюцца.

А яшчэ чакаюць цікавосткі і нас, славесьнікаў. Гэта ж да нас на прадметы перанясуць цяжар грамадзкага выхаваньня асобы ў тым аб’ёме, у якім яно бачыцца нашаму Мінадукацыі.

Праграму «ШАГ» (Школа актыўнага грамадзяніна), якую дзеці добраахвотна-прымусова засвойвалі па-за заняткамі, прапанавана ўключаць у заняткі па літаратуры. Ага. Цяпер замест балу Наташы Растовай я буду распавядаць дзецям пра Навагодні баль у прэзыдэнта, а нашы «беларусіцы» замест «Людзей на балоце» будуць выкладаць «Людзей на хакеі», бо зьмест «ШАГу» быў менавіта такім – балы ў прэзыдэнта, хакей і «Сьнежны снайпэр».

После статьи «Салідарнасці» Лукашенко раскритиковал единый день информирования

Але асабліва цяжка будзе выкладчыкам працоўнага навучаньня. Гадзін ім падсыплюць па самае не магу. Але ж абсталяваньня, як і заўсёды, не дадуць. Адна швейная машынка з нажным (!) прывадам, якую ніколі не раскрываюць, бо нажны прывад паламаўся, а адрамантаваць няма каму – бо апошні майстар па рамонце машынак з нажным прывадам, баюся, загінуў шчэ ў імпэрыялістычнай вайне – адна гэтая машынка не ўратуе няшчасную «працавічку», як не дапаможа яе «хлапчуковаму» калезе набор шрубовак і малаткоў, які ён прынясе з дому. На ўроках працоўнага навучаньня няма чым працоўна навучаць.

Але каб зразумець, што шэсьць вучэбных гадзін ня дзеляцца на нуль працоўных інструмэнтаў, трэба ведаць матэматыку. А ведаць яе сёньня ўжо неяк не камільфо. Можаш вырашыць дзіцёнку задачку за восьмую клясу?! Што, самы разумны, ці што?

Можа стацца, што нічога такога ня будзе. Матэматыка і чэрві застануцца – бо недзе там, у чароўных і патаемных нетрах Мінадукацыі, знойдзецца ўсё ж сьмелы чалавек, які стане над вучэбнымі плянамі, раскіне гераічна рукі і… Ну, ладна, хаця б проста зарагоча, выціраючы сьлёзы, і скажа: ну, павесяліліся – і досыць. Тады хаця б маленькі шанец у нас, але – ёсьць.

А як не – то і не.

«Нагнаць поўныя Раўбічы стомленых, нярадасных дзяцей пад прыглядам стомленых, зьнявераных настаўнікаў»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(46)