«Нагнаць поўныя Раўбічы стомленых, нярадасных дзяцей пад прыглядам стомленых, зьнявераных настаўнікаў»

Мы, беларусы, людзі загаду, піша Ганна Севярынец на сайце Радыё Свабода.

2018 год. «Сьнежны снайпэр»

Дачка з аднаклясьнікамі ў выходныя была ў Раўбічах на «Сьнежным снайпэры» (рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлёне на прызы Прэзыдэнцкага спартыўнага клюбу — РС). Пагналі ад школы стаяць ля трасаў, нібыта заўзець. Кожны год ганяюць, дык у нас існуе такая нібыта чарга, каб не адны і тыя ж клясы і клясныя кіраўнікі пакутавалі кожную зіму, а розныя.

Не магу сказаць, каб у нас у школе быў нейкі гвалт наконт гэтага снайпэра. Трэба — значыць, трэба. «Цікава, — пытаюся ў завуча, — а ці ў Эўропе таксама на спаборніцтвы школьнікаў ганяюць пад прымусам?» «Паўсюль ганяюць», — уздыхае завуч.

Каб не пусьціць — а я, канешне, магла й не пусьціць — думкі ў мяне не было. Па-першае, сапраўды — чарга. Іншыя сваё адстаялі. Павінны і мы. Па-другое, клясная кіраўніца. Я зь ёй сябрую, яна — файная настаўніца гісторыі, я вельмі ўдзячная ёй і за сяброўства, і за нашы гутаркі, і за тое, што яна робіць для нашых дзяцей. Я ведаю, як ёй цяжка набраць тых, каго трэба везьці на Раўбічы. Па-трэцяе — надзея. А раптам там будзе што добрае? Я не люблю спорт, ніколі не важу сваіх дзяцей на спартовыя мерапрыемствы, дык, можа, яны нешта «недаатрымліваюць» з жыцьцёвых уражаньняў? Заўзець, кажуць, прыкольна. Можа, дзіцёнку спадабаецца.

Дачка мая, канешне, крышачку пыхцела і бурчэла, але не надта. «Я абяцала паехаць, дык ладна, паеду». «Можа, там будзе што смачнае ці вясёлае, усё ж такі шмат дзяцей будзе, а раптам табе спадабаецца?» — падбадзёрвалі мы яе, рыхтуючы з раніцы тэрмабялізну, тры пары шкарпэтак, тэрмас і бутэрброды.

Ёй не спадабалася. Стаялі яны ў натоўпе, нічога зусім ня бачылі, нічога не разумелі — вядома ж, ніякіх вялікіх экранаў ці ўцямнага камэнтару ў гукаўзмацняльнікі не было. Хто і што там рабіў на тым «Снайпэры» — засталося незразумелым. Зь якіх-небудзь забавак былі толькі палаткі з брутальным надпісам «Пункт обогрева», дзе не было ані лавачак, ані крэслаў, склізкі пол і сьцены, але — цёпла. Зь ежы — бліны і слойкі па кошце ўтрая даражэй за менскі. Усё.

Божа ж ты мой, як сумна гэта ўсё выглядае. Спусьціць загад, не хвалюючыся нават за выкананьне, бо выканаюць, і нават ніякіх рэпрэсіяў ня трэба, выканаюць і так, нагнаць поўныя Раўбічы стомленых, нярадасных дзяцей пад прыглядам стомленых, зьнявераных настаўнікаў, паставіць ім, як быдлу, «пункты обогрева» і даць магчымасьць нажыцца на гэтых няшчасных дзецях некаторым уладальнікам кропак хуткага харчаваньня.

З гэтага павуціньня загадаў і прымусаў выкараскацца немагчыма: на загад усё. На загад удзельнічаем у конкурсах — добра прыдуманых, вясёлых, прынамсі весела задуманых, але ня весела нікому, бо весяліцца на загад ня кожны ўмее. На загад прыбіраем клясы да сьвятаў: як не павесіш гірляндаў і цацак, атрымаеш па галаве. На загад удзельнічаем у навуковай працы, на загад пішам кранальныя эсэ пра бацькоў і малую радзіму, на загад малюем ратавальнікаў і касманаўтаў. І нават калі ты нешта там такое прыдумаеш, сваё, сардэчнае, цёплае — дык абавязкова выдадуць загад, каб ты ня сам праводзіў тое цёплае, а — на загад.

Як жа я гэта ўсё ненавіджу!

Але заўтра загадаюць везьці дзяцей на «Снайпэр» — павязу. Бо прыйдзе ж і мая чарга. Усе вазілі — і мне будзе сорамна не павезьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(136)