Общество
Зінаіда Цімошак

«Цяпер дзеці зусім здзічэюць»

Жыхары вёсак Капыльскага і Слуцкага раёнаў хочуць аднавіць аўтобусную сувязь з Мінскам. Калектыўны зварот у Міністэрства транспарту і Адміністрацыю Прэзідэнта падпісалі 347 чалавек.

Вяскоўцы скардзяцца: па сутнасці іх вярнулі зараз у пасляваенныя гады, калі спадзеў быў выключна на ўласныя ногі. Ці не дзікунства?

Маршрут паміж сталіцай і глухой вёскай Яўсеевічы, што ў Капыльскім раёне, існаваў больш за 40 гадоў. У савецкія часы аўтобусы бегалі тут аж па два разы на дзень. Пасажыраў хапала, людзі стаялі нават на праходзе. Сяляне з наступных буйных мясцечкаў і вёсак зайздросцілі яўсеевіцкім, бо астатнім не хапала пасадачных месцаў.

З цягам часу народа паменела, апошнія месяцы аўтобус стаў хадзіць толькі два разы на тыдзень: у пятніцу прывозіў родзічаў з Мінска, а ў нядзелю забіраў. Не вельмі добрая, але сувязь з цэнтрам усё ж была.

Паколькі дарога ідзе праз буйныя аграгарадкі Грозаў і Грэск, маршрут упадабалі капыльскія таксісты-прыватнікі, якія пачалі канкурыраваць з рэйсавым аўтобусом, заманьваючы да сябе пасажыраў з іншых вёсак. Нарэшце наступіў час, калі з прычыны нерэнтабельнасці паўпусты аўтобус перастаў бегаць да Яўсеевіч.

Жыхары вёсак Яўсеевічы, Балгавічы, Аксаміты, якія пражываюць ўдалечыні ад дарогі з маршрутнымі таксі, некалькі зімовых месяцаў знаходзіліся ў шокавым становішчы. Стыхійна пісалі ў аблвыканкам, званілі ў Мінаблтранс. Фактычна адказ з розных дзяржаўных інстанцый гучаў аднолькава: “маршрут не рэнтабельны”, “такі маршрут нас не цікавіць”.

І вось тут паўстае яшчэ адна праблема: праблема транспартных зносін з так званымі “неперспектыўнамі вёскамі”, дзе жывуць людзі сталага ўзроста.

Пенсіянерка Людміла Дарашэвіч з Аксамітаў выказвае сваё абурэнне з прычыны адмены аўтобуса “Мінск – Яўсеевічы”:

- Жыццё чэсна адпрацавала даяркай на ферме. Цяжкія фізічныя нагрузкі падкасілі ногі. Адна радасць, што завітаюць сястра з дачкой у вёску, крыху дапамогуць справіцца з гаспадаркай... Сястра таксама немаладая, аўтамашыны не мае, у Мінску летам цяжка выжыць на пенсію, ратавалася летняй працай тут на агародзе... Ездзіла ў горад хіба толькі, каб атрымаць пенсію ды адмыцца ад бруду. Чаму дзяржава так эканоміць на нас, на сельскіх пенсіянерах? Мы ж у бюджэт плацілі падаткі, дык калі аўтобус нерэнтабельны, хай аблвыканкам дапаможа Аблтрансу грашыма. Хай на іньшым эканомяць, бо нашыя людзі таксама маюць права перамяшчацца. Маршруткі сюды не ходзяць, мы нікому не патрэбны.

Валянціна Давыдаўна Новік не хавае сваіх слёз, расказваючы пра свае клопаты:

- Жыву з сынам-інвалідам у вёсцы Канюхі. Яшчэ адзін сын-інвалід у інтэрнаце ў горадзе Чэрвені. Як цяпер да яго дабрацца, наведаць – не разумею. Калі хадзіў аўтобус, то неяк вырашала праблему. Білет для мяне не танны, але збірала грошы, ездзілі з другім сынам. Што цяпер рабіць – не маю рады. Маршрутку з Капыля да Мінска трэба заказваць па мабільнаму тэлефону. Яго ў мяне няма, ды я і не разумею ўсяго гэтага. Маршруткі ж няма ў раскладзе аўтобусаў на прыпынку, калі яна ходзіць і як – невядома. Да таго ж гэтыя аўтобусікі маленькія, месцы займаюцца ў Капылі, ды і трэба добра пераплочваць за лішнія 20 кіламетраў да Капыля.

Антаніне Цімафееўне Алейчык каля 80 гадоў. З вышыні свайго веку жанчына параўноўвае цяперашні час з першымі пасляваеннымі гадамі:

- Вось прэзідэнт кажа, што мы лепей сталі жыць. Можа, хто і лепей. Канешне, много добрых машын у людзей з’явілася. Але ж шмат хто не мае... І што рабіць такім старым і бедным, як я? У нашай сям’і шасцёра загінулі ў вайну. Загінуў і бацька, старэйшы лейтэнант. Маці ў вайну і пасля з клункамі ў Слуцк хадзіла. Цяпер і мне патрэбна гэтаксама? Дык я ж старая і хворая. Няўжо мой бацька аддаў за гэта сваё жыццё?

Грозаўская школа-інтэрнат, якая знаходзіцца ў Канюхах непадалёку ад Грозава, - школа абласного значэння. На выхаванні знаходзіцца 68 дзяцей.

Адна з настаўніц паскардзілася, што пасля адмены аўтобуснага рэйса да іх не могуць трапіць у адведкі блізкія:

- Дзецям у гэтым захалусці і так не соладка. А цяпер зусім здзічэюць. У нас пры школе добрая гасцініца, сюды на аўтобусе прыязджалі сваякі, праведвалі вернікі з цэркваў, прывозілі гасцінцы. Зусім нядаўна пабудавалі новую аўтобусны прыпынак. Для чаго? Для таго, каб стаялі ў выглядзе помніка безгаспадарчасці?

Старэйшыя вучні выязджалі дамоў на канікулы. З вадзіцелем дзяржаўнага аўтобуса мы адпускалі, а на маршруткі баімся: яны носяцца з вялікай хуткасцю.

Пра настаўнікаў, якія маюць мізэрныя заробкі, ужо і не гавару. Не было за што ў сталіцу ездзіць, як аўтобус хадзіў. Але грэла сэрца адчуванне: нейкая сувязь паміж нашай мясцовасцю і Мінскам усё ж існуе...

Калектыўны зварот падпісалі 347 чалавек. У суправаджальным пісьме ў Міністэрства транспарта і камунікацый, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта грамадкая выказана спадзяванне, што эканамічныя паказчыкі дзяржавы не настолькі мабыць усё ж правальныя, каб не вытрымаць падтрымку расходаў на аўтобусны маршрут для сваіх грамадзян, якія ўсё жыццё добрасумленна сплочвалі падаткі ў казну.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)