Ціханоўская: «Працягнуць ісці наперад з любоўю да тых, хто ідзе побач, і з верай у тых, хто будзе пасля нас»

Лідар дэмсіл звярнулася да беларусаў і сустрэлася з прэзідэнтам Літвы.

— Мінула тры гады. За гэты час нас спрабавалі пазбавіць мары. Пазбавіць блізкіх. Волі. Радзімы. Пазбавіць незалежнасці, — кажа Святлана Ціханоўская ў сваім звароце. — Мы прапусцілі праз сябе шмат болю, але не страцілі спагадлівасць.

Мы зазналі нянавісць, але захавалі міласэрнасць. Мы прайшлі праз выпрабаванні, але загартаваныя вынеслі з іх новы досвед. І працягваем рухацца.

Я разумею: гэта цяжка. І з кожным новым выклікам усё складаней захоўваць цвёрдасць крокаў.

Але гэта толькі наш выбар: абясцэніць зробленае за тры гады, расчаравацца ў сабе і ў сваёй нацыі. Ці захаваць у памяці ўсе важныя моманты, зберагчы ў сэрцы тых, каго мы страцілі на гэтым шляху. І працягнуць ісці наперад з любоўю да тых, хто ідзе побач, і з верай у тых, хто будзе пасля нас.

9 жніўня Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з Гітанасам Наўседам і папрасіла яго не ўраўноўваць грамадзян Беларусі з расейцамі.

Офіс Ціханоўскай паведамляе, што сустрэча адбылася сёння ў прэзідэнцкім палацы ў Вільні.

Лідарка беларускіх дэмсілаў падзякавала Літве ў асобе Наўседы за падтрымку дэмакратычнай супольнасці Беларусі. У той жа час яна заклікала літоўскага прэзідэнта не ўраўноўваць абмежаванні для грамадзян РФ і Беларусі (раней Наўседа неаднаразова выказваў намер зрабіць гэта). Ціханоўская прапанавала замест гэтага засяродзіць увагу на персанальных санкцыях з боку Літвы для памагатых рэжыму Лукашэнкі і закрыць лазейкі ў існуючых санкцыях.

Былі абмеркаваныя на сустрэчы і магчымыя рызыкі, звязаныя са знаходжаннем у Беларусі «вагнераўцаў». Святлана Ціханоўская запэўніла, што беларускае грамадства катэгарычна супраць іх перадыслакацыі ў нашу краіну, а таксама супраць расейскай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі.

Акрамя таго, закраналася тэма новага беларускага пашпарту, які павінен дапамагчы беларусам, што засталіся без дакументаў або якім пагражае пазбаўленне грамадзянства з боку рэжыму Лукашэнкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(35)