Политика

Ціханоўская: «Для аднаўлення міра і забеспячэння бяспекі нам патрэбна не толькі каб Украіна перамагла, але і каб Беларусь стала вольнай»

Палітык выступіла на Варшаўскім форуме па бяспецы.

Упершыню падчас Варшаўскага форума прайшла дыскусія па сітуацыі ў Беларусі. Яна сабрала больш за 120 удзельнікаў.

Святлана Ціханоўская выступіла перад удзельнікамі:

— Зараз мы змагаемся за захаванне Беларусі як дзяржавы, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі Беларусь стане часткай Еўрапейскага Саюза. Бо ў Беларусі, як і ў Украіны, у саюзе з Расіяй няма ніякай будучыні.

Мы працягваем працаваць па некалькіх ключавых напрамках: прыцягненне рэжыма да адказнасці, дапамога палітвязням, падтрымка беларусаў у краіне і за мяжой, умацаванне беларускай ідэнтычнасці і падрыхтоўка да пераходнага перыяду.

Мы робім усё магчымае, каб наблізіцца да гэтай мэты і дасягнуць еўрапейскай будучыні для Беларусі.

Для аднаўлення міра і забеспячэння бяспекі нам патрэбна не толькі каб Украіна перамагла, але і каб Беларусь стала вольнай. І калі Еўрапейскі Саюз і дэмакратычныя краіны падтрымаюць нас на гэтым шляху, я ўпэўнена, што ў нас атрымаецца.

У гэты ж дзень Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у сайд-івэнце ISANS аб прыцягненні да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць беларусаў і ўкраінцаў. Таксама ў мерапрыемстве ўдзельнічалі дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, беларускія юрысты і шэраг замежных экспертаў.

Падчас свайго выступу Святлана Ціханоўская адзначыла:

— Трэба збіраць інфармацыю аб парушэннях правоў чалавека, каб у нашых міжнародных партнёраў была магчымасць карыстацца сваімі мандатамі.

Уся сабраная інфармацыя ляжа ў аснову магчымых судовых працэсаў у Міжнародным крымінальным судзе ці спецыяльных трыбуналах. Трэба, каб рэжым адказаў не толькі перад міжнароднай супольнасцю, але і перад народам Беларусі.

У сваю чаргу Крысціна Рыхтэр звярнулася да прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці:

— Злачынствы супраць чалавечнасці і саўдзел у ваеннай агрэсіі — гэта не тыя дзеянні, на якія можна заплюшчваць вочы. Толькі прыняцце мераў па прыцягненні да адказнасці злачынцаў і актыўныя дзеянні могуць даць адпор дыктатуры, якой няма месца ў 21 стагоддзі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(12)