Общество

Сямён Печанко

Ці выратавалі камуністы капліцу мірскіх князёў?

Краязнаўца і гісторык — пра сенсацыю ў раёнцы, дзе напісалі, як і чаму пахавальня Святаполкаў-Мірскіх стала зернескладам.

У рэдакцыю «Салідарнасці» звярнуўся краязнаўца з Карэлічаў Аляксандр Самец. Нагодай стаў артыкул у раённай газеце «Полымя», прысвечаны гісторыі капліцы-пахавальні князёў Святаполкаў-Мірскіх у Міры.

Краязнаўцу абурыў фрагмент публікацыі, прысвечаны былым савецкім партызанскім камандзірам, якія нібыта ўратавалі капліцу ад знішчэння. Прывядзем яго цалкам.

Сенсацыя ў раёнцы?

«Мирская земля славится не только всем известными памятниками архитектуры, но и людьми, имена которых сохранят благодарные потомки в веках. Один из них Новицкий Михаил Владимирович, который сыграл важную роль в сохранении часовни-усыпальницы.

Родился Михаил Владимирович 9 декабря 1912-го в деревне Слободка Столбцовского района Барановичской области в семье крестьян. Его несколько раз арестовывали польские власти. Некоторое время находился в заключении вместе с Янкой Брылём, Максимом Танком в тюрьме города Дзержинска.

С мая 1933-го был членом КПЗБ. С весны 1940-го Михаил Новицкий состоял в молодежной подпольной организации. Во время Великой Отечественной войны был командиром разведки Барановичского соединения «Комсомолец».

С июня 1944 года стал директором Мирского спиртзавода.

Есть воспоминания дочерей Михаила Владимировича Тамары и Инны о том, как в 1948-м он участвовал в спасении церкви-усыпальницы в Мире.

В 1948-м был издан приказ об уничтожении усыпальницы. Но не все коммунисты были ярыми противниками религии и святынь. Владимир Царюк, первый секретарь Барановичского обкома партии, предупредил Михаила Владимировича о решении взорвать церковь. В это время было принято решение Мирского поселкового Совета депутатов о необходимости использовать усыпальницу в качестве зерносклада.

Такая необходимость была мотивирована тем, что на спиртзаводе отсутствует складское помещение для зерна. При этом пришлось умело повредить крышу зерносклада на спиртзаводе, и под покровом ночи рабочие перенесли зерно в усыпальницу.

Решение об использовании усыпальницы в качестве зерносклада подписал председатель исполнительного комитета Мирского поселкового Совета депутатов Павел Железнякович. Около десяти лет зерно сыпали в здание церкви. Так она была спасена».

Ці мог Навіцкі сядзець у турме з Брылём?

Аляксандр Самец

Аляксандр Самец, які правёў не адзін дзень у архівах, рыхтуючы да друку сваю кнігу пра партызанку на Карэліччыне, звяртае ўвагу на мноства недакладнасцяў і факталагічных памылак у прыведзеным вышэй фрагменце артыкула.

Навіцкі не мог сядзець у турме ў Дзяржынску, бо той знаходзіўся ў савецкай частцы Беларусі, нагадвае краязнаўца. Не мог ён там быць і разам з Танкам, бо той адбываў пакаранне ў віленскай турме ў Лукішках. Брыль пры паляках у турму ўвогуле не трапляў.

— Цікава, у якой падпольнай арганізацыі Навіцкі мог удзельнічаць у 1940-м? Праз год пасля прыходу сюды бальшавікоў? Можа, у Саюзе вызвалення Беларусі? — задаецца пытаннем карэліцкі краязнаўца.

Па іроніі лёсу рэдакцыя «Полымя» месціцца на плошчы 17 верасня, названай у гонар аб’яднання Беларусі ў 1939-м.

Ёсць пытанне ў Самца і да даты прызначэння Навіцкага дырэктарам мірскага спіртзавода:

— Можа, яго немцы прызначылі? Мір быў вызвалены ў ліпені, а ў матэрыяле напісана, што на пасаду ён быў прызначаны ў чэрвені.

Царук не быў першым сакратаром Баранавіцкага абкама партыі. У ягонай біяграфіі фігуруюць пасады першага сакратара Стаўбцоўскага райкама КП(б)Б, намесніка старшыні Баранавіцкага аблвыканкама, старшыні Баранавіцкага гарвыканкама. Не існавала ў прыродзе і Баранавіцкага партызанскага злучэння «Камсамолец», а была аднайменная брыгада.

Аляксандр Самец не верыць у версію раённага выдання пра змову былых партызанскіх камандзіраў, што ў 1948 годзе, пры жыцці Сталіна наважыліся ратаваць княжацкую капліцу.

«Улады хочуць рэабілітаваць змагароў з рэлігіяй»

На думку краязнаўцы, падобнымі артыкуламі мясцовыя ўлады спрабуюць рэабілітаваць тых, хто змагаўся з рэлігіяй, зачыняў і знішчаў храмы:

 — Гэта выдумка. Яны знайшлі дакументы, загад пра стварэнне зернесклада ў капліцы. Насамрэч, Навіцкага паставілі дырэктарам спіртзавода. Зярно няма куды было сыпаць, дык яны кашчунства ўчынілі — насыпалі яго на тыя пяць магілаў. А цяпер з гэтага кашчунства робяць абаронцаў праваслаўя. Не былі яны ніякімі абаронцамі, ні Навіцкі, ні Жалезняковіч. 

Краязнаўца прыгадвае, што ў пачатку 1990-х чытаў пра лёс брата камуніста Жалезняковіча — Віталя, які быў праваслаўным святаром. Па вайне яго арыштавала МГБ, пасля вынясення прысуду апынуўся ў Расіі, дзе і памёр. Па словах Самца, брат-камуніст адмовіўся ад брата-святара і да канца жыцця яны не камунікавалі.

Пра лёс святара Жалезняковіча можна пачытаць у перапісцы Янкі Брыля с Алесем Белакозам.

Мы ж прывядзем невялікі ўрывак з ліста Брыля: «Апроч нас сям’ю Жалезняковічаў ведаюць іншыя. І ніхто з нас не пачуў, што а. Віталь быў асуджаны, тым больш ажно на 25 гадоў... Па простай логіцы таго часу, ці ж мог бы яго брат Павел, хоць ён і лічыўся героем рэвалюцыйнага падполля ў былой Заходняй Беларусі, займаць такія пасады — першага сакратара райкома ажно ў трох раёнах, быць членам ЦК КПБ, удзельнічаць ва ўсесаюзных з’ездах, атрымліваць высокія ўзнагароды?.. Ці можна было наогул захаваць такое ў таямніцы?»

— Чырвонай лініяй у артыкуле праходзіць спроба абяліць гэтых людзей. Рэабілітаваць не бязвінна загінуўшых, як я гэта хачу зрабіць, а тых, хто рабіў усе гэтыя злачынствы, выступаў супраць цэркваў, — мяркуе Аляксандр Самец.

Гісторык: «Я ведаў камуністаў, што былі таемнымі вернікамі»

Ігар Кузняцоў, фота Радыё Свабода

Гісторык, даследчык савецкіх рэпрэсій 1930 – 1950-х гадоў Ігар Кузняцоў лічыць, што ў тэорыі апісаная ў карэліцкай газеце гісторыя магла можа быць праўдай.

Ён падкрэсліў, што дагэтуль не чуў такой версіі пра выратаванне капліцы ў Міры. Але, па яго словах, апісаныя ў артыкуле падзеі цалкам кладуцца на логіку тых часоў:

— І да вайны, і пасля яе існавала практыка выкарыстання цэркваў і касцёлаў у гаспадарчых мэтах. Тое, што не разбуралася, прыстасоўвалася пад склады захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі. Там мог быць архіў, клуб.

Ігар Кузняцоў падкрэсліў, што ў тыя часы рашэнне трох мясцовых кіраўнікоў прыстасаваць капліцу пад склад зерня не мусіў выклікаць пярэчання ў вышэйшага кіраўніцтва.

Ён не выключае і рэлігійныя матывы:

— Я ведаў камуністаў, якія таемна хрысцілі дзяцей і ўдзельнічалі ў рэлігійных абрадах.

Калі ж дапусціць, што дэтэктыўная гісторыя з разбурэннем даху склада на спіртзаводзе і начным пераносам зерня ў капліцу была праўдай, то яе ініцыятары і выканаўцы моцна рызыкавалі:

— Калі б знайшоўся хтосьці, хто б напісаў данос з фармулёўкаў, што гэта было знішчэнне сацыялістычнай маёмасці, ды яшчэ з мэтай не проста размясць у капліцы зернесклад, а каб выратаваць яе, то гэта стала б сур’ёзнай падставай для страты пасадаў і партбілетаў. А можа, і для турэмнага тэрміну.  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(26)