Лица

«Чароўны трусік» патраіўся

Рэалізацыя праекту інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» працягваецца.

Беларускія музыкі запісваюць беларускамоўныя версіі сваіх гітоў. “Серебряная свадьба” пасьля гастроляў па Нямеччыне і Польшчы ўрэшце дабралася дамоў, каб пачаць запіс “Новага маста”, Atlantica фактычна гатовая прадставіць свой гіт “Выбар ня ў нас”, а Юры Дземідовіч запісаў адразу дзьве вэрсіі свайго “Чароўнага трусіка”, адзін зь іх зроблены ў дэнс-апрацоўцы.

Гурт “Серебряная свадьба” выбралі ўрэшце час між пастаяннымі гастролямі і канцэртамі, каб запісаць сваю песьню “Новы мост”, якую перакладалі сумеснымі высілкамі вакалістка гурта Сьвета Бень і літаратар Сяргей Балахонаў. Сьвета характаразуе новую вэрсію песьні, як “вельмі сымпатычную” і ўпэўнена, што яна палюбіцца прыхільнікам гурта. “Галоўная ідэя нашага твору ў працэсе перакладу засталася той самай. Мы апяваем ідэю максымальнай спрошчанасьці”, - інтрыгоўна заяўляе сьпявачка.

Музыканты гурта па традыцыі запісваюцца ў студыі сваім мэтадам – без усялякіх накладаньняў і асобнага запісу кожнага інструмэнту. “Мы пішамся ўжывую, каб перадаць усю экспрэсію і стварыць для слухача эфэкт прысутнасьці”, - тлумачаць музыканты. Яны толькі што вярнуліся з туру па Нямеччыне і Польшчы, а пасьля працы над “Новым мастом” ад’язджаюць з канцэртамі ў Нідэрланды.

Амаль скончаная праца над беларускай вэрсіяй песьні «It's Not About Us» праекту Atlantica, якая атрымала назву “Выбар ня ў нас”. “Беларуская мова куды мягчэйшая за расейскую і ангельскую, - кажа Алекс Дэвід, які ўпершыню запяе на роднай мове ў межах свайго праекту. – А гэта значыць, што зьмяняецца тэмброўка, то бок голас мой будзе гучаць зусім інакш. Мяркую, што слухачы зьдзівяцца ды запытаюцца: а дзе ж падзелася звыклая Atlantica:)”.

А вось Юры Дземідовіч з сваім “Чароўным трусікам” стаў самым спрытным удзельнікам праекту “Тузін. Перазагрузка”. Па-першае, ён хутчэй за ўсіх справіўся з пастаўленай задачай. Беларускі варыянт песьні зьявіўся на наступны дзень пасьля ўзгадненьня перакладу.

Але маладому выканаўцу і гэтага аказалася замала. Наўздагон быў зроблены яшчэ і дэнс-варыянт беларускага варыянта песьні. Так што цяпер Юра разам з сваім кіраўніком Уладзімерам Глушаковым думаюць, які ж варыянт прэзэнтаваць у межах праекту. Не выключана, што беларускі “Трусік” прагучыць і на фінале адбору на дзіцячую “Эўравізію”, які пройдзе ў верасьні.

Інтэрнэт-прэзэнтацыя праекту «Тузін. Перазагрузка» адбудзецца ў новым музычным сэзоне на старонках //music.fromby.net і //www.budzma.org

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)