Профсоюзы

Чарговае звальненне на «Граніце»

З мікашэвіцкага прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» звольнены актывіст незалежнага прафсаюзу Генадзь Паўлоўскі, які каля 20 гадоў працаваў кіроўцам «БелАЗу». Так з рабочымі распраўляюцца за спробу стварэння рэальнага прафсаюза. Прафсаюз РЭП абвясціў збор сродкаў на рахункі.

Як распавёў Радыё Свабода кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу Алег Стахаевіч, Паўлоўскага звольнілі за прагул, нягледзячы на тое, што ён паказаў позву, паводле якой выклікаўся ў міліцыю.

— Аднак прычыну палічылі няўважлівай, падключылі да гэтага спецслужбы, зрабілі нават лакалізацыю тэлефанаванняў. І так вось падвялі пад прагул яго звальненне. Нягледзячы на тое, што рабочыя напісалі ліст у падтрымку Генадзя, пад якім падпісалася больш як 90 чалавек. За 20 гадоў працы ў яго не было ніводнага дысцыплінарнага спагнання, — адзначае Стахаевіч.

Ён перакананы, што справа сфабрыкаваная, але незалежны прафсаюз будзе адстойваць правы Генадзя Паўлоўскага: «Будзем судзіцца. Так мы гэта не пакінем».

Гэта ўжо чацвёртае звальненне актывістаў незалежнага прафсаюза на “Граніце”. Акрамя звольненага Алега Стахаевіча, не працягнулі кантракт з жонкай сакратара незалежнага прафсаюзу Людмілай Літвінкай. 14 сакавіка намесніку Стахаевіча Мікалаю Карышаву паведамілі, што з траўня з ім не падаўжаецца кантракт.

Нядаўна прыйшоў адказ з Брэсцкага абласнога суда на скаргу Стахаевіча аб незаконным, на яго думку, пазбаўленні правоў кіроўцы. Сакратар прафсаюзу Анатоль Літвінка, які па адукацыі з’яўляецца юрыстам, кажа, што гэта звычайная адпіска:

— Сэнс ліста з абласнога суда ў тым, што ніякіх доказаў таго, што невінаваты, Стахаевіч не падаў, таму рашэнне суду ніжэйшай інстанцыі пакінулі ў сіле. Ніякія прапазіцыі нашага боку не былі прынятыя да ўвагі. Звычайная адпіска, на якую трэба было патраціць больш за месяц.

Цяпер Алег Стахаевіч рыхтуе скаргу ў Вярхоўны суд.

Анатоль Літвінка кажа, што паступіла дакладная інфармацыя, што зараз будуць фабрыкаваць і ягонае звальненне:

— Майму непасрэднаму начальніку так і намякнулі, што або ты Літвінку звольніш, або цябе звольнім, — адзначае сакратар.

Як паведамляе «Наша Ніва», прафсаюз РЭП заклікаў дапамагчы сябрам Беларускага незалежнага прафсаюза з прадпрыемства «Граніт» і аб’явіў збор сродкаў для аказання ім матэрыяльнай дапамогі.

Ахвяраваць грошы можна на рахунак Беларускага незалежнага прафсаюза гарнякоў і хімікаў, 3015203810013, УНП 600393358, аддзяланне ААТ «Беларусбанк» г. Салігорск, код 153001917 з пазнакай «У падтрымку прафкама РУВП «Граніт», а таксама на рахунак Беларускага прафсаюза работнікаў РЭП 3015740491014, УНП 100670495, у аддзяланні 539 ААТ «Белінвестбанк» г.Мінск, код 739 з пазнакай «у фонд салідарнасці».

***

У канцы 2011 года некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Такім чынам яны выказалі пратэст супраць памеру заробкаў, пагардлівага стаўлення з боку адміністрацыі і бяздзеяння афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу пачалі зазнаваць ціск з боку адміністрацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)