Чаму нам паказваюць «Пагоню» і распавядаюць пра Быкава. Віктар Марціновіч – пра адкрыццё Еўрагульняў
Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў у Мінску, дзе нашую краіну паказалі ў нечаканым вобразе.

Фота TUT.BY
25 гадоў яны прыдумлялі «свае» сцягі і абвяшчалі іх адзіна афіцыйнымі. Яны збівалі «Пагоню» з Дома ўрада, вешалі туды намаляваны пры цікавых абставінах «свой» герб, які таксама абвяшчалі афіцыйным. І нам нават трэба было паважаць той гімн замест нашага «Магутнага Божа», той сцяг замест нашага бел-чырвона-белага, той герб, бо яны ж — дзяржаўныя сімвалы, непавага да іх караецца па законе.
І мы жылі так, без «Пагоні» на вокладцы пашпартоў. І нехта нават (я ў тым ліку) павесілі насы, бо здавалася, што гэта назаўсёды. І яно было назаўсёды, але цяпер пачало канчацца — зусім як у той кнізе Алекса Юрчака.
На 25-ы год існавання іхнай гісторыі, іхных герояў, іхных трактароў «Беларусь», іхных партызан, іхнай эстрады і ўсяго астатняга, “найлепшага”, савецкага, ладзіцца велізарнае дзяржаўна-спартовае свята. Самая знакавая містэрыя для іх (не для нас, бо мы ад гэтага ўсяго ладна стаміліся). І афіцыйнае адкрыццё гэтага свята абяцае быць трыумфам іхнага наратыву.
Іхнай заяўкай на вечнасць.
Іхным помнікам самім сабе.
Ну вось пасля Сталіна застаўся сталінскі ампір. Не самы густоўны напрамак у архітэктуры, але пэўную мару, пэўную надзею на хуткую светлую будучыню ён увасобіў. Пасля Напалеона III застаўся Парыж, перабудаваны баронам Асманам. Пасля Трэцяга Рэйху — Шпэер. Пасля Мусаліні — Via della Conciliazione, што прабіла гарызонт да пл. св. Пятра.
І тут — гэтыя гульні, любімая цацка, пад якую ў нас змянялі рух па праспектах і г.д. То ўсе, натуральна, замёрлі ў чаканні эстэтычнага параксізму. На тэму мінуўшчыны. На тэму сучаснасці. На тэму таго, хто мы такія ёсць.
Бо вы ж разумееце, мы жывём у часы, калі людскае адчуванне гісторыі паходзіць не з падручніка “Нарысы гісторыі Беларусі” ў дзвюх частках. І нават не з фільмаў — гэты момант ужо таксама амаль сышоў.
Не, каб прымагніціць да сябе ўвагу мільёнаў, тых, хто не ў тэме, Гульні, якімі выелі мозг усёй краіне, — найлепшы момант. Давайце! Расказвайце нам праўду! Сваю праўду! Што там у вас было? Пра Вялікую Айчынную, пра «рускіх са знакам якасці», пра Суворава?
І што яны робяць? Нам паказваюць «калюмны», нам паказваюць «Пагоню», нам распавядаюць пра Быкава — таго самага Быкава, які ў момант росквіту панэльнай новабудоўлі, за якой мы назіраем 25 гадоў, быў проста забаронены для згадак! Нам абяцаюць Нятрэбка, нам нават прывозяць Нятрэбка, але публіка сустракае яе выступ «жыдкімі апладысментамі»), а самай абмеркаванай музычнай падзеяй адкрыцця робіцца мелодыя нашага гурта Vuraj з Сяргеем Доўгушавым на чале.
Яркие моменты открытия II Европейских игр – шоу посвятили белорусской истории
І я магу лепей за любога «аналітыка» патлумачыць, чаму адбылося менавіта так, а не інакш. З 1994 года тут адбудоўвалася дзяржава, якая старанна пераймала «тое харошае, што было ў СССР». Якая прыхоўвала нашу сапраўдную гісторыю — бо ў той гісторыі шмат было войнаў з каштоўным суседам, крыніцай нашага бягучага (на той момант) дабрабыту. І таму бралася толькі тое, што «яднала» і дазваляла адгружаць «славянскае брацтва»: «Вялікая Айчынная», Сувораў, «Песняры», савецкія прамысловыя дасягненні.
І 25 гадоў было ў іх на тое, каб вынайсці нешта сваё. Ну вось, таварышы ідэолагі, даю вам уводную: дайце нам такую гісторыю, каб там славянскае братэрства і ніякай бітвы пад Оршай, ніякага ВКЛ з ягонымі калюмнамі, ніякай «Пагоні», з Пазняком на кані. Секундамер запушчаны — пагналі! Прыдумляйце!
І — нічога. Пустата. Вакуум. З зоркамі беларускай эстрады на сцэне.
І калі спатрэбілася паказаць нешта гасцям (сярод якіх быў прэм’ер-міністр Расіі), каб яны зразумелі, што мы за людзі такія, узялі роўна тое, што некалі скалупвалі з Дома ўрада. Дадалі калюмнаў і запрасілі Сяргея Доўгушава.
То я віншую вас усіх, шаноўныя сябры! Гэта перамога.
Больш за тое, гэта толькі першая з чарады перамог, якія яшчэ наперадзе. Бо чым далей, чым большай будзе гэтая патрэба “распавесці пра сябе так, каб ні з кім не зблыталі”, тым больш будзе «Пагоні», калюмнаў, беларускай мовы, Міндоўга, Жыгімонта, Альгерда, Боны Сфорцы, Радзівілаў, Сапегаў, Пацаў, Каліноўскага — так, так! Каліноўскага! Братоў Луцкевічаў, БНР, Геніюш, Арсенневай і «Магутнага Божа».
Я ўпэўнены, што мы дачакаемся. Бо альтэрнатывы няма.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное