Цешча экс-старшыні Следчага камітэта прадае недароблены катэдж у Драздах за $900 тысяч

Дом па вуліцы Сёмкаўскай у Мінску выстаўлены на продаж за 1,9 мільёна беларускіх рублёў. Амаль $900 тысяч у эквіваленце — немалая цана для недабудаванага катэджа.

Але вось што асабліва цікава: паводле інфармацыі «НН», дом належыць 71-гадовай пенсіянерцы з Глыбокага Антаніне Раманавай.

Але ж як спрытная бабуля з правінцыі змагла зарабіць на будоўлю ў элітным раёне для чыноўнікаў?

Усё проста. Аказалася, што Антаніна Мікалаеўна — цешча Валянціна Шаева, які ўзначальваў Следчы камітэт з 2012 па 2015 год.

Валянцін Шаеў. Фота Сяргея Гудзіліна

Антаніна Раманава пацвердзіла «Нашай Ніве», што Шаеў — яе зяць.

Пенсіянерка запэўнівае, што будавала катэдж сама:

«Так, прадаецца катэдж у раёне Дразды. Гэты катэдж я адразу на сябе будавала. Гэта мой. Будавалі разам з дзецьмі».

Праўда, адкуль у пенсіянеркі з Глыбокага грошы на катэдж у сталіцы, Антаніна Мікалаеўна не адказала: «Справаздачыцца ні перад кім я не збіраюся».

Цікава, што ў свой час Валянцін Шаеў прапанаваў увесці дадатковую адказнасць для занадта багатых чыноўнікаў: «Такая адказнасць магла б быць у выглядзе спагнання ў даход дзяржавы маёмасцi, памер якой значна перавышае даходы чыноўніка і паходжанне якой гэта службовая асоба не можа пацвердзіць».

Валянцін Шаеў нарадзіўся ў 1964 у Глыбокім. Скончыў Віцебскі тэхнікум электрасувязі (1984) і БДУ па спецыяльнасці «правазнаўства» (1991). Працаваў у органах пракуратуры (1991—2011). Старшыня Следчага камітэта (2012-2015).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(44)