Политика
Уладзімер Глод, «Радыё Свабода»

«Было выразна бачна, што Мядзьведзеў ведае беларускую сытуацыю і абураны»

Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрый Мядзьведзеў даручыў кіраўніцтву Міністэрства замежных спраў улічваць у сваёй пазыцыі адносна падзеяў у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў меркаваньне праваабаронцаў. Даручэньню папярэднічаў зварот праваабаронцаў да расейскага лідэра.

4 студзеня 2011 году ў Менску прайшла прэсавая канфэрэнцыя Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. На ёй Сяргей Крывенка, чалец Рады разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі, публічна паабяцаў давесьці праўдзівую інфармацыю пра масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў асабіста Дзьмітрыю Мядзьведзеву. І слова сваё стрымаў.

– Мне ў Менску перадалі дадзеныя, шмат чаго я сам бачыў, іншыя праваабарончыя арганізацыі перадалі інфармацыю. Я ўсё гэта аформіў у выглядзе запіскі і перадаў чальцам Рады. Мы ўвесь час абменьваемся інфармацыяй і на сустрэчах, і ў электронным рэжыме. І ўжо Рада вырашыла — падрыхтаваць заяву і накіраваць яе прэзыдэнту.

– Можа, хтосьці з чальцоў Рады быў супраць?

– Супраць не было абсалютна нікога. Па выніках маёй паездкі, яшчэ аднаго ўдзельніка Рады — Валянціна Гефтэра ў Менск, матэрыялаў, якія бясконца дагэтуль ідуць ад міжнароднага камітэту зь Беларусі, была і напісана заява Рады. І вось гэты тэкст на паседжаньні быў перададзены прэзыдэнту непасрэдна ў рукі.

– Рэакцыя Дзьмітрыя Мядзьведзева на ваш зварот ужо вядомая — прэзыдэнт зьдзіўлены тым, што адбываецца ў Беларусі пасьля выбараў. Аднак да стэнаграмы паседжаньня не прыкладзеныя відэаматэрыялы. Наколькі на ваш погляд, паколькі вы былі побач, расейскі лідэр быў шчырым у сваіх выказваньнях, ці закранула яго па-сапраўднаму беларуская сытуацыя?

– Вельмі закранула. Я зьвярнуў увагу на тое, як ён адразу зрэагаваў. Можа, у мяне будзе не зусім дакладнае цытаваньне, але агульны сэнс такі — вам, праваабаронцам, лягчэй у сваіх выказваньнях, словах. А я ўсё ж прэзыдэнт і таму мушу ўлічваць розныя іншыя фактары. Ён дакладна даў зразумець, што ня можа адрэагаваць на беларускія падзеі як звычайны чалавек. Але было выразна бачна, што ён ведае сытуацыю і таксама абураны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)