Политика
Юлія Аляксандрава

Бузек заяўляе, што «вінаватыя павінны быць знойдзеныя і асуджаныя». Дашкевіч на гэта моцна не спадзяецца

Афіцыйнага адказа на выкраданне Зміцера Дашкевіча і Яўгена Афнагеля пакуль няма. «Улады не хочуць расследваць гэтыя справы. Дашкевіч пісаў скаргі ў асноўным для таго, каб пры нейкіх зменах, пры дэмакратычнай уладзе гэтыя выпадкі былі расследаваныя. Ілюзій і спадзяванняў, што гэта будзе зроблена зараз, няма», – лічыць прэс-сакратар зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронта» Таццяна Шапуцька.

Лідэр арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч падаваў скаргу аб выкраданні і крадзежы рэчаў (сумкі, мабільнага тэлефона і ноўтбука) у РАУС Завадскога раёна. Акрамя таго, дзве скаргі былі накіраваны ў пракуратуру Завадскога раёна.

– Афіцыйная рэакцыя будзе толькі цягам месяца, – паведаміла «Салідарнасці» прэс-сакратар «Маладога фронта» Таццяна Шапуцька. – Адзінае, што пакуль зрабілі праваахоўчыя органы –дагляд месца злачынства. У Мінску міліцыянты агледзелі пляцоўку каля кватэры, дзе забралі хлопца. Затым яны паведамілі, што хочуць даглядзець і кватэру, каб упэўніцца, што ноўтбука ў Дашкевіча няма, і ён напісаў нехлуслівую паперу.

Міліцыянты літаральна ўварваліся ў кватэру. Ноўтбука яны там не знайшлі, затое пабачылі кніжкі «Маладафронтаўцы», «Героі веры Старога запавету», бланкі для збору подпісаў за беларускую мову. Усё гэта (каля 40 кніжак і пад 200 бланкаў) яны канфіскавалі, аргументуючы дзеянні тым, што гэтыя рэчы могуць спатрэбіцца ў расследванні.

Ежы Бузек

Еўрапейская супольнасць ужо выказала сваю рэакцыю на гэтыя падзеі. Прэзідэнт Еўрапарламента Ежы Бузек (на фота) назваў іх «актам запужвання», піша «Коммерсантъ». Палітык звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам стварыць такія ўмовы, якія выключылі б паўтарэнне гэтых выпадкаў. «Вінаватыя павінны быць знойдзеныя і асуджаныя», – патрабаваў ён. У адваротным выпадку супрацоўніцтва можа быць згорнута.

Разам з тым беларуская апазіцыя частку віны за гэтыя падзеі ўскладае на ЕС.

– Гэта ўсё адбываецца толькі праз патуранне Еўропы, праз тое, што з-за нейкіх цяперашніх інтарэсаў еўрапейцы закрываюць вочы на абуральнае парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, – заявіў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

– Такая ўвага можа паспрыяць таму, што справы са скраданнямі ўсё ж будуць расследаваныя, – дадаў «Салідарнасці» каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель, які быў выкрадзены праз дзень пасля Зміцера Дашкевіча. – Мяркую, што як мінімум нейкія крокі следства будзе рабіць. І ў пракуратуры, куды я падаў заяву, таксама будуць варушыцца.

Дашкевіч, у сваю чаргу, на беларускае правасуддзе моцна не спадзяецца:

– Зміцер не лічыць, што нешта будзе даследвана, бо ёсць прыклады Насты Палажанкі і Дзяніса Карнова, – нагадала Таццяна Шапуцька. – Нягледзячы на тое, што яны па здымку пазналі чалавека, які ўдзельнічаў у іх выкраданні, ніякіх следчых дзеянняў прадпрынята не было. Улады не хочуць расследваць гэтыя справы. Дашкевіч пісаў гэтыя скаргі ў асноўным для таго, каб пры нейкіх дэмакратычных зменах, пры дэмакратычнай уладзе гэтыя выпадкі былі расследаваныя. Але без нейкіх ілюзій і спадзяванняў, што гэта будзе зроблена зараз.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)