Коктейль

Будзьма дызайнерамі, стварайма якасныя і прыгожыя рэчы разам!

Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» абвяшчае конкурс эскізаў на нацыянальна арыентаваную тэматыку.

Для каго? Для аматараў і прафесіяналаў, для ўсіх, хто неабыякавы да ўласнай культуры і хоча праявіць сябе!

У чым сэнс конкурсу?

Мы шукаем цікавыя, крэатыўныя і сучасныя ідэі, накіды, малюнкі і эскізы, якія б вы хацелі бачыць на майках, торбах, кубках, нататніках і інш.

Мы даём шырокі прастор вашай фантазіі (падзеі, асобы з гісторыі і міфалогіі, арнаменты і ўсё, што, на вашу думку, звязанае з Беларуссю, у тым ліку проста смешныя выявы і надпісы).

Кветачкі і мімішныя малюнкі таксама прымаюцца. Галоўнае – крэатыў, бо мы шукаем тое, чаго яшчэ не было!

Конкурс стартаваў 23 траўня і будзе праходзіць у некалькі этапаў.

1 этап

Дасылайце запоўненую заяўку ўдзельніка і малюнак або некалькі ў фармаце PNG або JPEG (максімальны памер – 5MB) да 23:59 10 чэрвеня на скрынку adv.budzma@gmail.com з пазнакай «Конкурс дызайну». Да разгляду прымаецца максімум пяць малюнкаў.

Заяўка мусіць змяшчаць наступныя пункты:

  1. Імя, прозвішча,
  2. Узрост,
  3. Род дзейнасці (месца працы, вучобы),
  4. Назвы і кароткае апісанне дызайнаў (па жаданні),
  5. Тэлефон, e-mail.

2 этап

Журы робіць папярэдні адбор дызайнаў. Праца журы неабходная найперш для таго, каб адабраць самыя вартыя з дасланых прац, бо мы чакаем іх ад, як ад пачаткоўцаў, гэтак і ад прафесіяналаў.

На сайце budzma.by і на старонках кампаніі ў сацыяльных сетках гэтыя дызайны будуць выстаўленыя на галасаванне.

Дызайны, якія набяруць найбольшую колькасць інтэрнэт-галасоў, і стануць пераможцамі. Такім чынам, пераможцы будуць абраныя праз «народнае» галасаванне.

3 этап

Супольная праца пераможцаў з прафесійнымі дызайнерамі і прадстаўнікамі кампаніі «Будзьма беларусамі!» па адаптацыі малюнка пад прынт для нанясення на візуальную прадукцыю.

Што ў выніку

Найлепшыя малюнкі-пераможцы будуць рэалізаваныя ў выглядзе прынтоў на цішотках, торбах, кубках ды іншай візуальнай прадукцыі. Аўтары-пераможцы атрымаюць узнагароды.

Стварайма якасныя і прыгожыя рэчы разам!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)