Политика
Сьвятлана Адзінец, «Еўрарадыё», фота bymedia.com

Буду настойваць, каб прапанову Статкевіча абмеркавалі і прынялі

Экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар кампаніі «Гавары праўду!» пракаментаваў ліст палітвязня Мікалая Статкевіча з прапановамі апазіцыі.

Еўрарадыё: Што вы думаеце пра прапанову Статкевіча стварыць народны рух “За свабодныя выбары” і выключыць з рады руху Раманчука і Рымашэўскага, замяніўшы іх Севярынцам ды Лябедзькам?

Уладзімір Някляеў: “Гэтая прапанова ёсць працягам таго, пра што мы дамаўляліся са Статкевічам напярэдадні Плошчы. Адна з акцыяў, якая павінна была адбыцца на Плошчы (у нечым яна і адбылася), — гэта якраз стварэнне руху “За новыя выбары без Лукашэнкі”. Павінны былі стварыць Раду і ў яе ўвайшлі б усе кандыдаты ў прэзідэнты. Тады ніхто не ведаў яшчэ, хто з іх будзе Раманчуком, а хто не будзе Раманчуком, але не толькі тыя кандыдаты, якія балатаваліся на выбарах у 2010 годзе, але і Мілінкевіч, Казулін і тыя, хто ўдзельнічаў у гэтых палітычных працэсах раней. Нейкія рысы акрэсліліся б па стварэнні гэтай Рады.

Я не супраць таго, што прапануе спадар Статкевіч, каб гэта актывізаваць, каб гэтая Рада фармальна ўтварылася і пачала з гэтымі палітычнымі лозунгамі звяртацца да людзей. Гэта можа быць паралельна з прапановай дыялогу — адно аднога не выключае. Настолькі складаная ў нас сённяшняя палітычна-эканамічная сітуацыя, што трэба карыстацца ўсімі палітычнымі інструментамі, якімі можна”.

Еўрарадыё: А як вы ставіцеся да прапановы Статкевіча наконт замены Раманчука і Рымашэўскага Севярынцам і Лябедзькам?

Уладзімір Някляеў: “Я думаю, што гэта трэба вырашаць калегіяльна”.

Еўрарадыё: Мне здаецца, людзі не чакаюць, што будуць нейкія партыйныя выключэнні, але чакаюць, што будуць дадзеныя ацэнкі гэтым падзеям.

Уладзімір Някляеў: “Не можа быць так, каб чалавек, які заклікаў да супрацоўніцтва з уладай, які па сутнасці прадаў ідэалы, з якімі ішлі на выбары Статкевіч, Саннікаў — уся нацыянальная беларуская апазіцыя — каб ён мог сёння стаяць недзе на палітычнай трыбуне і заклікаць людзей да нечага зваротнага. Іншая справа — як кожны будзе ставіцца да гэта паасобку, па-чалавечы”.

Еўрарадыё: Статкевіч прапанаваў замяніць "маўклівыя" акцыі публічнымі дэманстрацыямі з выкарыстаннем пэўных беларускіх словаў. Што вы думаеце наконт гэтай прапановы?

Уладзімір Някляеў: “Безумоўна, тое, што гэтыя “маўклівыя” акцыі прайшлі без беларускага чынніку — гэта не да лепшага. Я настойваю паўсюль, што нам трэба актывізаваць беларускі чыннік”.

Еўрарадыё: Фактычна Статкевіч просіць гэтыя прапановы рэалізаваць Някляеву, Мілінкевічу і Казуліну...

Уладзімір Някляеў: “Мяркую, што малавата нам будзе дамаўляцца траім. Ёсць больш-менш зараз аб’яднаная апазіцыя, мы сустракаемся час ад часу. І ў бліжэйшы час мы будзем сустракацца і я буду настойваць на тым, каб прапанова Статкевіча была абмеркаваная і прынятая да дзеяння”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)