Общество
Сяргей Гезгала, «Наша Нiва», фота Catholic.by і westki.info

Будслаўскі фэст. Начное шэсце на Краснай плошчы (фотарэпартаж)

Кульмінацыя фэсту — начное шэсце са свечкамі. Абраз абносяць вакол плошчы мястэчка, якая носіць рэдкую назву Краснай, што на старабеларускай мове значыла «прыгожай».

Дзясяткі тысяч вернікаў розных канфесій у першую суботу ліпеня збіраюцца ў мястэчку ў Мядзельскім раёне, каб ушанаваць абраз Маці Божай Будслаўскай, апякункі Беларусі. Кульмінацыя фэсту — шэсце са свечкамі вакол Краснай плошчы. Яно адбываецца апоўначы, пад спеў малітвы Багародзіцы: «Вітай, Марыя, поўная ласкі! Дабраславёная ты між жанчынамі і дабраславёны плод улоння твайго Езус».

Абраз абносяць вакол плошчы мястэчка, якая носіць рэдкую назву Краснай, што на старабеларускай мове значыла «прыгожай».

2500 пілігрымаў з розных гарадоў краіны прыйшло на фэст пешкі.

Найбольшыя пілігрымкі ішлі сёлета з Мінска (300 чалавек), Баранавіч, Нарачы, Маладзечна.

Імшу ў Будславе адслужыў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Дарэчы, частку дарогі да Будслава ён адолеў з паломнікамі, у тым ліку на ровары разам з мінскай веласіпеднай пілігрымкай. Суслужылі мітрапаліту іншыя беларускія біскупы. Гасцямі фэсту былі апостальскі нунцый арцыбіскуп Гуджэроці і біскуп Саратаўскі з Расіі Клеменс Пікель. «Касцёл у Расіі заўсёды быў меншасцю ў дыяспары. Парафіі знаходзяцца далёка адна ад адной. Людзі перажываюць гэтую адзіноту. Калі ж прыязджаеш сюды, няглядзячы на тое, што і тут здараюцца пэўныя цяжкасці, як і ва ўсім сучасным свеце, вельмі прыемна на душы. Слова прыемна нават не можа перадаць усе пачуцці», – казаў ён.

Раней фэст праходзіў 2 і 3 ліпеня, але ад гэтага года вырашылі ладзіць яго ў першыя выходныя ліпеня.

Відаць, каб развесці з афіцыйнымі святамі. Сёлета вернікі сабраліся ў Будслаў увечары 6 ліпеня.

Шмат дзе ў Беларусі ў гэту пару адзначаюць Купалле, ахвяруючы старажытнаму паганскаму богу старыя ўтамабільныя пакрышкі. Густыя дымы і высокія агні суправаджалі запозненых паломнікаў на шляху да санктуарыя.

Санкт-пецярбургская манашка з ордэну ўрсулянак прынесла з сабой сцяг-трыкалор. Фота westki.info

Асабліва ўражвала ў прыцемку купальскае агнішча над Вілейскім вадасховішчам.

Апошнія перадбудслаўскія кіламетры парадавалі новым асфальтам. Аўтобусны прыпынак у вёсцы Альхоўка, на радзіме паэта Славаміра Адамовіча, – ілюмінаванай каплічкай, якая мігціць уначы. Сам фэст – тым, чым заўжды радуе: атмасферай светліні і неафіцыйнай беларускасцю.

Паралельна з малітвай пад касцёлам ішоў бойкі гандаль. Аж тры яткі выставіў праваслаўны Свята-елізавецінскі манастыр, што ў Навінках.

Людзей было на вока меней, чым у мінулыя гады. Хоць хвост традыцыйнай працэсіі па-ранейшаму дасягнуў базілікі, калі ля яе ўжо правілі імшу.

Эмацыйную казань мітрапаліта Кандрусевіча заварожана слухалі ўсе тысячы прысутных.

Статыстычныя лічбы, міжнародныя навіны, а нават анекдоты арганічна ўпляталіся ў прамову аб Марыі, маці Збаўцы, якой прысвечаны сёлетні фэст.

Ён – нібы падрыхтоўчы перад фэстам-2013, калі будзе адзначацца 400-годдзе знаходжання на беларускай зямлі абраза Маці Божай Будслаўскай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)