Общество
Галіна Баравая, «Еўрарадыё»

Брэсцкія чыноўнікі ўпрошваюць Лукашэнку адкласці «Дажынкі»

Падобна, што Кобрын не адужаў падрыхтоўкі Дажынак. Гарадскія будынкі аказаліся ў горшым стане, чым спадзяваліся, а грошай на маштабныя рамонт і будаўніцтва бракуе.

Брэсцкія чыноўнікі ўпрошваюць Лукашэнку адкласці «Дажынкі»

Фэст-кірмаш «Дажынкі-2009», які раней быў запланаваны на другую дэкаду верасня, магчыма, будзе адкладзены. Будаўнікі не паспяваюць заліць лёд у новым хакейным палацы. Не скончаныя мантажныя працы ў аквапарку. Абодва аб'екты пачыналі ўзводзіць на беразе Мухаўца, і тады выкрыўся недагляд. На пляцоўцы аквапарка раней быў тартак, пасля якога на 5 метраў углыб назапасілася пілавіння і глею. Стандартныя палі не падышлі. Давялося пераносіць будоўлю ў іншае месца. Немалыя сродкі літаральна закапалі ў пілавінне.

Паводле кардынацыйнага штаба фэсту, праблемы ёсць і на іншых аб'ектах. Першапачаткова задумалі рэканструкцыю Дома культуры. А калі кранулі старыя сцены, яны пахіснуліся. Давялося будаваць ДК фактычна наноў. Непасільнымі апынуліся і планы рамонту трох сотняў жылых дамоў. Спачатку іх сцяны ўцяплялі шклаватай, тынкавалі і фарбавалі. Цяпер бракуе сродкаў. Таму нават на цэнтральным пляцы Леніна цагліны ў сценах толькі забельваюць. А больш за 10 камунальных дамоў у горадзе наогул стаяць без дахаў.

Адказваюць за будаўніцтва ў Кобрыне намеснік старшыні райвыканкама Павел Кірылюк і галоўны архітэктар Мікалай Уралец. Службоўцы не адмаўляюць, што з бюджэту былі выдаткаваныя паважныя сродкі — 330 млрд. рублёў, але іх не хапіла — матэрыялы падаражэлі як мінімум на 20%. Будаўнічую праграму давялося істотна скараціць.

Эканоміць даводзіцца і на культурнай праграме свята. Былі спробы запрасіць у Кобрын спевакоў з Расіі — Льва Лешчанку, Алега Газманава, Надзею Кадышаву. Але тыя запрасілі ганарар ад 25 000 еўра і вышэй. Таму весяліць герояў жніва будуць беларусы (якім на Бацькаўшчыне прынята плаціць меней) — хор імя Цітовіча, вакальная група «Чысты голас», ансамбль «Бяседа» і яшчэ каля 2 тыс. салістаў і танцораў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)