Брахня ўсё тое, што з майго сына выбілі

Маці арыштаванага былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага напісала ліст, які быў дасланы ў «Нашу Ніву» праз каментары на сайце газеты:

На сайце ГУУС 21 снежня выкладзеныя паказанні былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, што даваў адпор АМАпаўцам на Плошчы 19 снежня. Ён прызнаўся, што апрануў міліцэйскую форму, наверх куртку і пайшоў на Плошчу. А яшчэ перад гэтым выпіў спіртныя напоі.

«Паддаўшыся заклікам апазіцыі, я прыйшоў на Плошчу. Улічваючы, што я быў пад уздзеяннем алкаголю, то паддаўся эйфарыі натоўпу. Узяў удзел у масавых беспарадках», — сказаў Класкоўскі.

Былы міліцыянт адзначыў, што быў на вастрыні натоўпу. Маўляў, людзі пабачылі на ім міліцэйскую форму і спрабавалі збіваць.

«Я пайшоў да ланцуга спецназу, каб выратавацца. Паказаць, што я на іх баку», — адзначыў ён.

Відэа удзелу Класкоўскага ў Плошчы, аспрэчвае ягоныя папярэднія словы. Бо размаўляе з спецназаўцамі яшчэ будучы апрануты ў куртку. І ніхто яго туды не штурхае.

«Мае паводзіны былі неадэкватныя і грубыя. Я моцна каюся і прашу прабачэнні ў супрацоўнікаў міліцыі. Мае дзеянні былі ідыёцкімі», — зазначыў ён.

У лісце маці Аляксандра Класкоўскага з гэтай нагоды гаворыцца: «Імкнуся вам засведчыць, што мой сын не здольны на падобныя правакацыі — як гэта было прадэманстравана ў дадзеным відэа. У Сашы на сцяне заўсёды вісеў партрэт генерала Юрыя Захаранкі і мой сын ніколі не здраджваў прынцыпам афіцэрскага гонару.

Наш з Аляксандрам (бацька затрыманага – Аляксандр Класкоўскі, вядомы журналіст і палітолаг – заўв. “Салідарнасці”) сын выхоўваўся на творах Караткевіча, Быкава, Купалы. Ён менавіта такі, як зафіксаваны на відэа з Плошчы. А не такі, якім яго імкнкуцца прадставіць цяпер лукашэнкаўскія спэцслужбы.

Продкі Сашы (прадзед Франак Класкоўскі) быў таксама калісьці ўзяты НКВД. Былі рэпрэсаваныя альбо растраляныя і іншыя прадстаўнікі нашага роду. Ніколі не думала, што падобныя дзеянні адбудуцца з маім сынам цяпер у ХХІ стагоддзі. Мне вельмі цяжка і балюча. Жыве Беларусь!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)