БНР і немцы. Як і навошта ствараўся сталінісцкі штамп

 

Вобраз Беларускай Народнай Рэспублікі як «нямецкага праекту» можна сустрэць на старонках беларускай дзяржаўнай прэсы і ў выказваньнях лукашэнкаўскіх прапагандыстаў. Падрабязнасці ад гісторыка Аляксандра Фрыдмана на Радыё Свабода.

Менск, сакавік 1918 году

Уважліва прачытайце наступны абзац. Ён вам нічога не нагадвае?

«Ствараючы Беларускую Народную Рэспубліку і абвяшчаючы яе незалежнасьць, беларускія нацыяналісты жадалі назаўсёды адарваць Беларусь ад братняй Расеі. Іх спрадвечнай марай было ператварыць Беларусь у калёнію Нямеччыны.

У 1918 годзе яны здрадзілі Радзіме, пайшлі на супрацоўніцтва зь немцамі і, кіруючыся інтарэсамі Бэрліна, дапамагалі акупантам эксплюатаваць Беларусь і прыгнятаць яе насельніцтва. Апошнія пытаньні наконт сапраўдных мэтаў Рады БНР зьняла прывітальная тэлеграма кайзэру Вільгельму II 25 красавіка 1918 году.

У ёй «марыянэткі» выказвалі спадзяваньне на шчыльнае супрацоўніцтва зь Нямеччынай і на будучыню Беларусі пад аховай кайзэраўскай імпэрыі. Гісторыя паказала, што «беларускія нацыянал-фашысты» заўсёды з асалодай і з асаблівым задавальненьнем лізалі нямецкія боты...»

Зь якога году паходзіць гэты наратыў гісторыі БНР? З 1938-га ці, можа, з 2021-га? І з 1938-га, і з 2021-га.

Менавіта такі вобраз «нямецкага праекту» БНР можна і сёньня сустрэць на старонках беларускай дзяржаўнай прэсы, а таксама ў выказваньнях лукашэнкаўскіх прапагандыстаў з дыплёмамі гісторыкаў, якія ў пэрыяд глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі наўмысна спрабуюць прынізіць гістарычнае значэньне БНР — першага беларускага дзяржаўнага ўтварэньня ў ХХ стагодзьдзі.

Рэнэсанс сталінісцкіх штампаў і прапагандысцкіх вобразаў цалкам адлюстроўвае сьветапогляд людзей, якія выйшлі апошнім часам на галоўныя ролі ў беларускай дзяржаўнай прапагандзе і асабліва не хаваюць сваёй сымпатыі да Ёсіфа Сталіна і сталінскага злачыннага рэжыму.

Яшчэ на пачатку 1930-х гадоў сталінская прапаганда не праяўляла асаблівай цікавасьці да тэмы БНР, засяроджваючыся на барацьбе з «панскай» Польшчай. БНР набыла пэўную прапагандысцкую прывабнасьць толькі пасьля ўсталяваньня нацысцкай дыктатуры ў Нямеччыне і зьвязанага з гэтым драматычнага пагаршэньня савецка-нямецкіх стасункаў.

Пасьля 1933 году паміж Бэрлінам і Масквой фактычна разгарнулася прапагандысцкая вайна: калі нацысты распаўсюджвалі расісцкі міт пра «габрэйскі бальшавізм», які нібыта кіруе СССР і дамагаецца сусьветнага панаваньня, дык савецкі агітпроп імкнуўся прадставіць Нямеччыну спрадвечным ворагам Расеі, а «беларускіх нацыяналістаў» (у сталінскай тэрміналёгіі 1930-х гг. — «нацыянал-фашыстаў»), як і іншых «контрарэвалюцыйных элемэнтаў», залічваў да агентаў «нямецкага імпэрыялізму».

У 1938 годзе савецкі бок скарыстаўся 20-й гадавінай нямецкай акупацыі Беларусі ў 1918 годзе, абвясьціў гэты пэрыяд «адной з найбольш жудасных старонак» у гісторыі Беларусі і абвінаваціў немцаў і іхніх беларускіх «паплечнікаў» у жахлівых злачынствах супраць цывільнага насельніцтва.

З мэтай умацаваньня адмоўнага вобразу Нямеччыны і на фоне дзяржаўнага антысэмітызму і перасьледу габрэяў у «Трэцім райху» немцам таксама вырашылі прыпісаць і сыстэматычны гвалт супраць габрэйскага насельніцтва Беларусі ў 1918 годзе, каб паставіць тым самым фактычна знак роўнасьці паміж Нямеччынай кайзэра і Нямеччынай Гітлера.

Менавіта тады і быў канчаткова распрацаваны міт, згодна зь якім БНР — няўдалы ганебны «нямецкі праект», які не пакінуў аніякіх станоўчых сьлядоў у гісторыі Беларусі.

Якую ж ролю адыграла Нямеччына на самой справе ў стварэньні БНР? І ці маюць рацыю сталінскія прапагандысты і іх сучасныя беларускія вучні?

Калі падчас Другой сусьветнай вайны нацысцкая Нямеччына ў пошуках так званай «жыцьцёвай прасторы» на ўсходзе сьвядома выбрала шлях генацыду і масавых злачынстваў, дык у 1914 годзе немцы кіраваліся пераважна імпэрыялістычнымі мэтамі і паводзілі сябе ў адносінах да мясцовага насельніцтва досыць прагматычна. Імкнучыся аслабіць Расею, а таксама распаўсюдзіць і ўмацаваць свой уплыў на заходніх ускраінах царскай імпэрыі пасьля меркаванай перамогі ў вайне, Нямеччына зрабіла стаўку на падтрымку нацыянальных рухаў ва Ўсходняй Эўропе.

У гэтай вайне немцы ўжо ў 1915 годзе пасьпяхова прасунуліся ва ўсходнім кірунку і захапілі, у прыватнасьці, значную частку сучаснай Беларусі.

Зыходзячы з распаўсюджанага ў царскай імпэрыі нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту, а таксама нявырашанасьці нацыянальных пытаньняў, Нямеччына абвясьціла сябе «вызваліцелем ад расейскага барбарства», разьлічвала на падтрымку нярускага насельніцтва і атрымала яе ў пэўнай ступені.

У адрозьненьне, напрыклад, ад Украіны цікавасьць Бэрліна да Беларусі не была вялікай. Да беларускага нацыянальнага руху немцы ставіліся стрымана і індыфэрэнтна, ня бачачы асаблівых пэрспэктываў для нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў гэтай частцы Эўропы.

Скептычна была ўспрынятая нямецкім бокам і БНР, якая была беларускай ініцыятывай і ані ў якім разе не праектам Нямеччыны.

3 сакавіка 1918 года Савецкая Расея і Нямеччына падпісалі ў Берасьці мірную дамову: жадаючы любым чынам спыніць пасьпяховы нямецкі наступ на Петраград і захаваць уладу ў Расеі, бальшавікі ахвяравалі Беларусь і шэраг іншыя тэрыторыяў былой царскай імпэрыі Нямеччыне і яе саюзьнікам.

Пасьля нямецкай акупацыі перад беларускімі нацыянальнымі дзеячамі адчынілася хоць і абмежаванае, але пэўнае акно магчымасьцяў.

У сакавіку 1918 году яны скарысталіся гістарычным шанцам, утварылі БНР і абвясьцілі яе незалежнасьць. Ва ўмовах нямецкай акупацыі Беларусі рада БНР мусіла шукаць падтрымку Нямеччыны, бо іншых рэальных магчымасьцяў прасунуць беларускі нацыянальны праект у яе проста не было.

Немцы, аднак, бачылі ў Беларусі перш за ўсе частку Расеі і цікавіліся галоўным чынам эфэктыўнай эксплюатацыяй захопленых тэрыторыяў, якая павінна была паспрыяць здабыцьцю Бэрлінам перамогі ў Першай Сусьветнай вайне. Разьлічваць на сур‘ёзную падтрымку з боку немцаў беларускаму нацыянальнаму руху не выпадала.

У 1918 годзе беларусам не пашанцавала. БНР ня здолела стаць сапраўднай дзяржавай, але яна дала моцны імпульс нацыянальнаму будаўніцтву на тэрыторыі Беларусі і прымусіла бальшавікоў зьмяніць сваё стаўленьне да беларускага пытаньня: узьнікненьне Савецкай Беларусі стала ў значнай ступені адказам Масквы на беларускі праект БНР.

У 20 стагодзьдзі ідэя беларускай дзяржаўнасьці пад бел-чырвона-белым сьцягам ня зьнікла і ўрэшце рэшт рэалізавалася ў стварэньні незалежнай Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе. Яна прадэманстравала сваю жывучасьць ва ўмовах нэасавецкай дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі, якая так і ня здолела выкрасьліць спадчыну БНР са сьвядомасьці і гістарычнай памяці значнай часткі беларускага насельніцтва.

Той факт, што менавіта нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг стаў у 2020 годзе бясспрэчным галоўным сымбалем дэмакратычнага пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі, а з Днём Волі 25 сакавіка 2021 году дэмакратычная супольнасьць у Беларусі зьвязвае надзею на новы пратэставы ўздым, сьведчыць пра гістарычны трыюмф ідэі БНР.

***

Аляксандар Фрыдман абараніў у 2009 годзе ва ўнівэрсытэце зямлі Саар (Саарбрукен) доктарскую дысэртацыю «Вобразы Нямеччыны ў беларускім савецкім грамадзтве 1919–1941: прапаганда і вопыт». Дысэртацыя выйшла ў 2011 годзе: Alexander Friedman, Deutschlandbilder in der weißrusssichen sowejtischen Gesellschaft 1919 bis 1941: Propaganda und Erfahrungen, Stuttgart 2011.

Гісторык: «Акт 25 сакавіка ператварыў беларускае пытанне з унутрырасійскага ў міжнароднае»

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:22)