Общество
Eolonir

Блёгасфэра ўлады

Беларуская блёгасфэра ёсьць палітызаванаю ў максымальнае меры. І справа ня толькі ў тым, што ў нашым грамадзтве нельга быць далёка ад палітыкі (хаця большасьць нацыі робіць такі выгляд, што гэта іх ня тычыцца). У заходнім грамадзтве нават бабусі, якая трываць ня можа новых “капіталістычных” кіраўнікоў ды сплывае настальгіяй па аднапартыйнае сыстэме, газэце “Зорка” ў нямецкім варыянце, адсутнасьці сэксу ды аднагалосьсю ў прэсе, ёсьць магчымасьць пайсьці ў нейкую левую газэту і сказаць гэта. Блёгі — не пра яе. І яе з задавальненьнем надрукуюць, таму што ТАМ камуністычныя погляды — анахранізм, варты цікавасьці.

А ў нас газэты ні пра кога. У беларускім грамадзтве альтэрнатывы блёгам няма. Як і няма канкурэнцыі ім у прапорцыі “Эфэктыўнасьць/простасьць”. Вось і Барыс Беразоўскі адчыняе свой блёг, і гэта пры тым што яму адчынены ўсе заходнія тэлеканалы. На той жа пляцоўцы месьцяцца блёгі й палітыка Ігара Луцэнкі. Яму таксама аўдыторыі і бяз блёгаў хапае. І трыццаць дэпутатаў Вярхоўнае Рады ўжо прэзэнтаваныя на ЖЧ. Ці ім Юшчанка не дае магчымасьці выйсьці ў этэр? Неўзабаве мо трэба й блёга Януковіча чакаць, якога пачне камэнтаваць Юшчанка з мадэрацыяй Мароза. Сэрвак ляжа праз сэкунду, гарантую (ужо проста тое, як Віктар Андрэявіч тушыў пажар, сталася самаю рэйтынгавай навіной па вэрсыі Яндэксу, а тут блёг…).

Падаецца б, і ўрад там ня самы малады: яшчэ не мінула досыць часу, каб савецкая генэрацыя цалкам пайшла ад кіраўніцтва краінай, хапае й брушкаў “для піва” на экране. Натуральна, у нас былых намэнклятурнікаў значна больш багата: ня памятаю ў твар аніводнага чыноўніка, толькі з тэлевізыі ўзгадваюцца іх чырвоныя ад 30-40-гадовага алкагалізму абліччы. Але й дэпутаты Вярхоўнае Рады Ўкраіны не маладзейшыя, асабліва ад камуністаў ды рэгіяналаў. І тым ня менш яны парадзілі пайсьці анляйн, а нашыя — не. А якая была б аўдыторыя ў першага дэпутату ад нашае “палаткі”, проста мара закаранелага PR-ніку.

Няма ініцыятывы.

Блёгасфэра поўніцца парадамі, як абараніць свае правы пры дачыненьнях з КДБ і міліцыяй. Свае меркаваньні на гэты конт друкуюць вядомыя ў беларускім сэгмэнце be1arus ды nicolaev. Потым два-тры іх гледачы перадрукоўваюць інфармацыю ад іх і зьмяшчаюць запыт распаўсюдзіць яе й надалей. Гэта не вымагае шмат часу. І празь некалькі гадзінаў атрымліваецца, што “шкодная” з пункту гледжаньня ўлады інфармацыя апыняецца на тузінах, калі ня сотнях, дзёньнікаў і становіцца чытэльнае патэнцыйным 20-30 тысячамі чытачоў гэтых дзёньнікаў. Хтосьці праіндэксуе яе — і чытачы Гугл Навінаў таксама атрымоўваюць файную магчымасьць чытаць пра тое, як я размаўляў з чэкістам зранку і што з таго атрымалася.

Дзякуй Богу, мы парадзілі крыху разьвеяць той міт, што КДБ — гэта непераможная кантора. Шырыцца ўспрыняцьце дэбістаў як ня самых пасьпяховых людзей з вышэйшае адукацыяй, якія пайшлі туды па высокія заробкі. Я не кранаю крымінальны дэпартамэнт — толькі “палітыкаў”.

А ці ведаюць, як дзейнічаць, простыя людзі ці прадпрымальнікі, якіх МУС і КДБ кранае на кожным кроку, вось як на канцэрце Вольнага Тэатру? Не, ня ведаюць. І таму блёгерам трэба перапыніць нарэшце распаўсюджваць інфармацыю міжсобку, а задумацца, якім чынам зацягнуць у свой анляйнавы вір родных і сяброў, што ня маюць дачыненьня да палітыкі.

А яшчэ ўкажуць, што зь Беларусі мала інфармацыі. Проста яна кружляе ўвесь час сярод сваіх, і вельмі зрэдку выходзіць за межы таго колу дасьведчаных людзей (КДБ таксама можна аднесьці да іх, бо, улічваючы іх працу на блёгах, яны ёсьць нашае найудзячнейшае аўдыторыяй). Праблема ў тым, што мала хто з блёгераў мае чытачоў па-за межамі сваёй мэтавае групы. Натуральна, чырвона-зялёныя суполкі амаль ніхто не чытае. Але што рабіць з мільёнамі абыякавых да палітнэту “обыватэлюв”, якія проста бяруць крэдыты й трасуцца, каб ім працягнулі працоўны кантракт яшчэ на адзін год?

Вось і атрымоўваецца замкнутае кола. Вырвацца зь яго магчыма толькі эканамічнай крызай. Або калі АМАП пачне арыштоўваць звычайных мінакоў на вуліцах, што яны й рабілі падчас акцыяў 2006 году. Але гэта эвалюцыйны выхад, палітыкі тут ніякай няма.

Падніжкі на сеціўныя тарыфы, якія мае зрабіць Белтэлекам, могуць стацца першым крокам да пашырэньня інтэрнэтызацыі на больш шырокія колы, у першую чаргу ва ўсходніх рэгіёнах. А што дзеецца ў заходніх рэгіёнах — чытайце блёг valery-brest-by.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)