Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра прэмію Дарвіна ды новыя опусы БТ

Прэмія Дарвіна ў сьвеце “выдаецца” (пасьмяротна) людзям, якія скончылі жыцьцё самым бязглуздым чынам, тым самым пазбавіўшы чалавецтва свайго фатальнага генафонду. І яшчэ гэта самае выкшталцонае вынаходніцтва для піяршчыкаў — увазе, якую прыцягвае чарговая “намінацыя”, можа пазайздросьціць Санта-Барбара за часам “неўтаймаванага капіталізму”.

Вось і мы, беларусы, нічым не адрозьніваемся: новаўтвораны Дарвінаўскі Камітэт Рэспублікі Беларусь ў асобе блёгераў намінаваў пяць найлепшых прэтэндэнтаў на ганаровы прыз. Зразумела, пасьмяротна. У гэтых намінацыях вельмі добра бачны нацыянальны каларыт. Калі амэрыканцы, напрыклад, звычайна трапляюць не туды, куды прагнулі, праз адсутнасьць пільнасьці са зброяй ці рабаваньне банку бяз маскі, то ў нас самазабойчым можа апынуцца проста шпацыр па Серабранцы з шыльдачкай зь нешляхетнымі зваротамі да жыхароў тае самае Серабранкі. А ўсё-ткі прыемна, што ў нас ёсьць свае “дарвіншчыкі”. Прыкладна так жа ж, як мець вялікага пісьменьніка Чаргінца на старонках падручнікаў. Настолькі вялікага, што за мяжой яго не друкуюць. Не разумеюць, мабыць.

Ну няхай. А вось, што яшчэ патрапілася на вочы: агульнае перакананьне блёгасфэры (і ўвогуле нашых суайчыньнікаў), што “ворганы ведаюць усё”. Ну, ня ведаю, якое ўсё яны дакладна ведаюць, але тое, што а пятай увечары трэба йсьці дадому — тае дакладна. І яшчэ тое, што ў блёгах некаторыя людзі выкладаюць тэсты пра сябе, і па гэтых тэстах можна вылічыць чалавека. Азадачана чухаю патыліцу.

Ну так, сярод блёгераў сталася модным публікаваць вынікі сваіх псыхалягічных тэстаў (гэта проста хвароба ЖЖ). Такі своеасаблівы чын пазнаёміцца з людзьмі, не адкрываючы свайго ўласнага “я”. Некаторыя нават і рэальныя вынікі рэальных тэстаў выкладаюць. Але вылічыць Вас па выніках Вашага пэрсанальнага тэсту могуць толькі прафэсыяналы, якія вельмі рупліва ўзялі Вас да апрацоўкі. А верагоднасьць таго ў нас ня надта вялікая (уяўляеце, колькі часу спатрэбіцца на тое, каб “апрацаваць” псыхалягічныя партрэты гэткіх 10 000 блёгераў?). Ды й прафэсыяналаў такіх у Беларусі няма. У Расеі — так, яны ёсьць, але там і стаўкі іншыя ў гульні. А ў нас… Дзяржкалгас…

Пакуль людзі будуць непрытоена публікаваць у сваіх ЖЖ свае нумары тэлефонаў ды хатнія адрэсы (а такіх выпадкаў апошнім часам ня стала кардынальна меней), з тэстамі можна працягваць. Толькі, калі ласка, навучыцеся адрозьніваць генэратары выпадковага тэксту ад сапраўдных тэстаў.

Куды падзенуцца ўсе тыя праграмэры, якія сядзяць на minsk_by ды плююцца на ўсіх? А куды ім падзявацца? Як куды: бацька ж сказаў, што Сіліконавая Даліна мэйд ін Беларусь не працуе. А за такімі заявамі звычайна кіруюць дзеяньні досыць дэструктыўнага кшталту. Колькі згубіўшых працу праграмэраў, якія зараз гігочуць над “тупымі опамі”, начэпяць на сябе налепкі ды пойдуць енчыць на ўсіх скрыжаваньнях, як ім блага жывецца? Досыць шмат, упэўнены. І вельмі неўзабаве…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)