Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра наступствы Дня Волі ды скандал вакол амэрыканскае амбасады

Тыдзень па Дні Волі блёгеры працягвалі абмяркоўваць, чым была выкліканая шалёная атака ўладаў на ўдзельнікаў сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР на тле дэкляраванага паляпшэньня стасункаў з Захадам. Паколькі амэрыканскія санкцыі супраць канцэрну “Белнафтахім” былі ўспрынятыя беларускім бокам настолькі балюча, што спрычыніліся да дыпляматычнага скандалу, зь якога зараз цяжка намацаць годнае выйсьце, атрымоўваецца, што толькі фінансавыя санкцыі здольныя прымусіць рэжым прыслухацца да іншых.

Блёгер thorindwarf запрапанаваў скласьці чорны сьпіс прадпрыемстваў, што належаць да людзей, набліжаных да кіруючага рэжыму, распрапагандаваць яго ды абвясьціць байкот таварам. На жаль, як зазначалі іншыя ўдзельнікі дыскусыі, у Беларусі зараз цяжка знайсьці прыбытковыя кампаніі, якія не належылі б тым або іншым чынам кіруючым колам. Нагадаю, у свой час менавіта прыбытковасьць тэлекамунікацыйнага сэктару спрычынілася да ўтварэньня трэцяга GSM-апэратара “Бэст”, пад надзвычай хуткі старт якога былі пазычаныя досыць вялікія грошы ў кітайскага боку.

Блёгер czalex замест “чорнага сьпісу” прапанаваў інфармаваць людзей пра гаспадароў тых або іншых прадпрыемстваў, каб першыя маглі ў свой час зрабіць выбар.

Блёгер minski_virtual прапанаваў сваё бачаньне падзеяў Дня Волі: тое, што адбылося, было, на яго думку, сплянаванай акцыяй менскае міліцыі ды называлася плянам “Удаў”. Бяз трупаў, па словах аўтара, адбылося толькі заўдзякі частковаму сабатажу рэгіянальнае міліцыі. Пасьля акцыі тых, хто зьвярнуўся па дапамогу ды даведкі ў траўмапункты, пачала адшукваць ДАІ.

“Ведаць антыгерояў у твар” – з такім загалоўкам блёгер fotaczka зьмясьціла ў сябе ў ЖЧ фотаздымкі рыцараў “плашча ды кінжала”, якія з зайздроснай рэгулярнасьцю адведваюць мітынгі апазыцыі. Дадазены нават кароткі камэнтар пра паводзіны кожнага зь іх.

Блёгер watcher-interio камэнтуе скандал вакол скарачэньня штатаў амэрыканскае амбасады. На яго думку, занепакоенасьць афіцыйных колаў лёсам амэрыканскае амбасады сьведчыць пра тое, што санкцыі супраць прадпрыемстваў канцэрну “Белнафтахім” пацэлілі туды, куды трэба. Па-другое, пасьля пачатку гэтага працэсу зваротнага шляху няма. Па-трэцяе, трэба залагодзіць “Вялікага Брата”, які, нягледзячы на ўсе дэманстрацыі лаяльнасьць, няўхільна падвышае кошты газу. І па-чацьвёртае (але гэта ўжо сьледзтва), гэта дае магчымасьць адсекчы беларускіх студэнтаў ад вандровак па грошы ў ЗША, адкуль багата хто не вяртаецца. Хаця, апошняя выснова спрэчная, зазаначае блёгер: гэта прымусіць апалітычных да таго студэнтаў зьвярнуць болей пільную увагу на той чыньнік, які спусташыў іх гаманцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)