Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра нацыянальную свядомасьць, продаж Velcom і адсутнасьць грошай

“Каб лішні раз даведацца пра ўзровень нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў (а па вялікім рахунку пра ўзровень глупства), раю наведаць музычную краму ў падземным пераходзе да гандлёвага цэнтру "Сталіца". Музычныя кружэлкі ў ёй дзеляцца на вельмі паказальныя катэгорыі: «белорусские», «отечественные», «зарубежные исполнители».

Адразу карціць запытацца: а дзе што шукаць?! Аднак, узірнуўшыся больш пільна, усё становіцца на свае месцы. Напрыклад, робіцца зразумелым, што "айчынны" — гэта ні ў якім разе не беларускі, бо там выключна расейскія выканаўцы! Спачатку хочацца абурыцца, але потым бярэ рогат зь неверагоднай тупасьці пэрсаналу. Вось цікава, а ўсенародна “каханы” Дзіма Калдун патрапіў у першую ці ў другую катэгорыю? А можа ўвогуле ў "зарубежные исполнители", бо "не по-нашему" ж сьпявае!

Гэта допіс soft-tiger (дарэчы, аўтар ёсьць рэкардзмэнам ЖЖ па трапных назіраньнях за беларускай рэчаіснасьцю) нагадаў мне, што ў самым буйным беларускім анляйн — партале па продажы кніг Oz.by Васіль Быкаў таксама фігуруе ў разьдзеле “Русская классическая литература”. Заўважыў гэта не толькі я — допіс на ЖЖ victorgr справакаваў на гэтую тэму вялізэрную дыскусію. Атрымалася нешта накшталт калектыўнага розуму: кожны з блёгераў пачаў пісаць пра падобныя ляпы, якія ён хаця калісьці бачыў.

А вось “каматозныя” ўспаміны наўгародца аб Горадні. Перагукваюцца з тэматам вышэй. І каб разьняволіцца, вельмі раю падарожныя нататкі пана Харэўскага (увогуле, падарожныя нататкі становяцца вельмі папулярнымі ў анляйн — журналістыцы).

Тое, што беларускае грамадзтва хворае на каланіяльныя комплексы, вядома больш-менш усім. “Лапку” сваю тут прыклала й БТ, і выхаваньне новых пакаленьняў у духу, што беларусы ніколі нічога не рабілі акрамя як з “братняю Русьсю”. Але й адсутнасьць інфармацыі грае вельмі вялікую ролю. Калі хто атрымоўвае заробак крыху большы за сярэдні па краіне, ці лічыць, што дзяржава падтрымлівае яго такім ці іншым чынам, ня будзе замінаць у справы, лічачы, што ён (яна) вінныя дзяржаве. Вось, напрыклад, як атрымоўцы прэзыдэнцкіх стыпендыяў. Наўрад ці шмат хто зь іх будзе задавацца пытаньнем, а ці можа быць больш? Яны проста прымаюць яе як дадзенае. А стыпендысты, што навучаюцца за мяжой, шчэ мусяць і падатак на сваю стыпендыю сплочваць: маўляў, яна вышэй за нацыянальныя стыпендыі. Вось і атрымоўваецца, што няма падставы беларускія стыпендыі падвышаць. Дый грошай ужо таксама няма

Нягледзячы на тое, што камэнтуючы продаж “Вэлкаму”, адмыслоўцы не імкнуліся зьнітоўваць гэты факт з неабходнасьцю павяртаньня запазычанасьцяў за газ, трэба зьврянуць увагу на тое, што за апошні месяц было спраданых дзяржаўных прадпрыемстваў больш, чым за ўсе сем год ХХІ стагодзьдзя ў Беларусі. За капейкі пайшоў “Мотавэла”. Спрадалі “Вэлкам”, і неяк дзіўна праз два дні закрылі павіну за газ. Праданая “Рэмвылічтэхніка”. Хто наступны?

Як казаў Фрыдман, эканоміку можа падмануць толькі хворы на галаву.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)