Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра беларускую мову

Надзвычай высокая цікаўнасьць да моўных пытаньняў сталася для беларускае блёгасфэры 2007-2008 гадоў тыповай рысай. Пры гэтым да апошняга часу назіраўся пэўны “кампраміс”: аматары ды прамоўтэры беларускае мовы выклікаюць дыскусыю, а “перакананыя апанэнты” адказваюць у камэнтарах адпаведна свайму мэнтальнаму ўзроўню. Цяпер жа падобны сымбыёз усё болей парушаецца: прыхільнікі “ўсходняга шляху” пачалі самі пісаць пра мову, вядома, у якім рэчышчы. Пры гэтым выклікаючы засьмечваньне суполак minsk_by ды by_politics плыньню безсэнсоўных камэнтараў.

Але атрымліваецца ўсё роўна як з той міліцыяй: што не кажы пра яе, усё адно ў звычайных міліцыянтаў болей талеранцыі, чым у АМАПу, і мабыць, проста таму, што іх ад самага пачатку навучаньня водзяць каля Ўправы БНФ, над якой лунае забаронены сьцяг. Мабыць, каб выпрацоўвалі вытрымку й мелі ня толькі базавыя рэфлексы, як зазначыў аднойчы адзін вядомы блёгер. Вось і ў Сеціве так: хочаш-ня хочаш, але беларускамоўных допісаў не ўнікнеш. І колькі не было на minsk_by заклікаў забараніць мову ў суполцы, або падаваць пасты па-беларуску абавязкова й па-расейску ды выбухаў раптоўнае “самасьвядомасьці” ад каліўца беларусізацыі, усё адно беларуская блёгасфэра застаецца значна болей беларускай, чым у рэальным сьвеце: каля 25% усіх існуючых блёгаў пішуць па-беларуску.

Што апошнім часам цікавіць блёгераў у моўным сэньсе? Па-першае, надзвычай вялікая ўвага надаецца, як і раней, пытаньням лацінкава-кірылічнага напісаньня. Але вось на minsk_by адзіны за некалькі месяцаў лацінкавы допіс спадара coipish спрычыніўся да навалы камэнтараў людзей, якія ніколі ў жыцьці ня бачылі лацінкавага пісьма беларускае мовы. Пры гэтым замест цікаўнасьці камэнтары звычайна вытрымліваліся ў сэньсе “панапрыдумлялі тут”. Так што папулярызацыі лацінкі ў паспалітыя масы яшчэ йсьці ды йсьці.

Беларусафобія ёсьць адвечным прадметам запытаў тых, хто пачынае размаўляць па-беларуску: у беларускім Сеціве налічваецца па два-тры пытаньні на месяц у рэчышчы адмоўнага стаўленьня да беларускае мовы. Дзіўна, падаецца, мы адзіная краіна, дзе стаўленьне да дадзенасьці можа быць адмоўным. Радзянская спадчына, дзе невуцтва шанавалася за лаяльнасьць уладзе, час ад часу кідае пра сябе зьвестку.

Праблемы беларускамоўнае адукацыі ды й адукацыі ўвогуле ёсьць трэцім пытаньнем для блёгераў. Напрыклад, моўны парытэт у школах або ўнівэрсытэтах. А мінулым месяцам сапраўдную віхуру выклікала плётка пра тое, што беларускую мову вывучацьмуць як мову нацыянальных меньшасьцяў: ад пятае да дзевятае клясы. Такога няма, але зразумела, што беларускамоўнае спадарства жыве ў напятасьці ад магчымых “ініцыятываў”.

Цікавае пытаньне паставіў блёгер forradalom: “Як піць па-беларуску?” Маўляў, выказ “На здароўе” ёсьць маскалізмам ды мае быць зганьбаваным. А сапраўды беларускім выразам ёсьць “Здароўе…”, дзе замест шматкроп’я ставіцца ймя таго, за чые здароўе п’ецца.

Здароўе Вашамосьцяў!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)