Общество
Eolonir

Блёгасфэра пра альтэрнатыўныя пляцоўкі ды сацыяльныя сеткі

Апошнім тыднем у блёгасфэры намаляваліся дзьве асноўныя тэндэнцыі. Вялікую колькасьць карыстальнікаў турбуе тэма міграцыі з ЖЖ пасьля яго перакупу SUP’ам і, магчыма, стварэньне асобнага беларускага блёгавага сэрвісу. Яшчэ адна актуальная тэма — узмацненьне ўплыву сацыяльных сетак на жыцьцё інтэрнаўтаў. Не абыходзяць сваёй увагай апошнія й такія пытаньні, як мова, вяртаньне Зянона (допісы старыя, але да гэнае тымы ўсім падабаецца вяртацца) ды ільготы — тэма таксама ня новая, але народу падабаецца сачыць за тым, як усе зараз “раптам” асэнсавалі наступствы іх скасаваньня.

Абмеркаваньне таго, як павінны выглядаць сапраўды беларускі блёгасэрвіс, можна знайсьці тут, але збольшага гэта тэарэтыка. Практыкі ж прапрацоўваюць такія пляцоўкі, як multiply.com ды wordpress.org.

Так, вялікая частка карыстальнікаў заклапочаная тым, што павальны пераход на сацыяльныя сеткі накшталт Facebook або «В контакте» спрычыніцца да таго, што пра чалавека можна будзе занадта шмат даведацца простым націскам на кнопку. Ужо зараз багата працадаўцаў у Беларусі пачынаюць цікавіцца зьмесьцівам блёгаў, а па асабістыя дадзеныя лезуць на згаданы ўжо “В контакте”.

На хвалі павальнае міграцыі ды тэорыі імавернасьці, якая кажа, што кожны чалавек знаёмы з абы-якім іншым на плянэце праз максымум шэсьць рукапоціскаў, працадаўца цалкам верагодна можа знайсьці кандыдата на хлебную пасаду мэнэджэра па продажу на Facebook сярод сваіх сяброў. Так што памятайце: трымацца ў кантакце файна, але гэта значыць, што й іншым вас лягчэй знайсьці. Вось тут, напрыклад, блёг спрычыніўся да канфлікту між працадаўцам ды працаўніком.

А наконт вядомага сэрвісу odnoklassniki.ru (для тых, хто “ня ў тэме” — гэта служба, што дазваляе знаходзіць сваіх старых аднакласнікаў) дык і ўвогуле пасьвяцца пагалоскі, што яго стварыла ФСБ Расеі, каб болей даведацца пра сваіх “кліентаў”. Напэўна плётка, але сам факт таго, што праз сацыяльныя сеткі зьбіраецца інфа — бясспрэчны. Яны ж для таго й ствараліся.

На гэтым тыдні адчынілася новая тэматычная суполка ў беларускім ЖЖ, якая спецыялізуецца на… вясельлях. Тэмай яе, як сьведчыць дысклэймэр стваральнікаў, з’яўляецца арганізацыя цікавых нестандартных вясельляў. Так што залучайце!

Палітычны памфлет “Толькі Зянон” можна прачытаць тут. Допіс стары, але дасюль чапляе за душу. Мяркую, варта чакаць працягу.

Пра касаваньне ільготаў ды веру старых, што прэзыдэнт пра іх парупіцца, разважае zhelezko. Такія гісторыі зараз з’яўляюцца ўсё часьцей ды часьцей. Ці давядзе гэта да чагосьці — пакажа час.

Усходнеэўрапейскія гісторыі прэзэнтуюць: расейцаў выганяюць на беларуска-расейскае мяжы з вагонаў ды ў іх адсутнасьць ператрэсваюць уласныя рэчы. Гісторыя па вэрсыі “Камэды Клаб” знаходзіцца тут.

Багата ў нас зараз тэмаў. І спрычыніліся да гэтага не ільготы й ня акцыі апазыцыі, а проста перапродаж ЖЖ СУПу, якому ніхто не дае веры проста праз тое, што кампанія расейская.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)