Общество
Eolonir

Блёгасфэра амаль без палітыкі

Апошнія тры дні ў беларускае блёгасфэры пазначыліся адыходам ад абмеркаваньня палітычных тэмаў, што й адбываецца зазвычай у гэты час, калі большасьць карыстальнікаў знаходзіцца ў адпачынку. Шэраг культавых для дэмакратычнае моладзі падзеяў, сярод якіх я б на першае месца вылучыў “Басовішча”, таксама спрычыніліся да падзеньня актыўнасьці карыстальнікаў.

Асноўным ньюсмэйкерам у гэтыя дні стаўся спадар Мілінкевіч зь яго прагненьнем адчыніць свой уласны блёг. Ініцыятыва была сустрэта дваяка: з аднаго боку, добра, што чалавек такога калібру ў беларускае палітыцы пачынае выкарыстоўваць новыя тэхналёгіі. Зь іншага — шмат каго засьцярожыла фармулёўка “будзе створаны”, быццам бы блёг павінны стацца часткаю нейкага паўнафарматнага праекту. Праекты — гэта добра, але блёг — гэта нешта спантаннае, яго ня трэба плянаваць, яго трэба распачынаць “як ёсьць”, з пустога аркушу. У адваротным выпадку гэта будзе проста інфармацыйны сайт, што ня мае вартасьці блёгу.

Да таго ж, шмат хто задаваўся пытаньнем, а ці будзе пан Мілінкевіч сам яго пісаць? Прынамсі, толькі дэпутаты Вярхоўнае Рады Ўкраіны ад Партыі Рэгіёнаў пішуць свае блёгі самі, астатнія, у тым ліку прэзыдэнт Ірана, аддае гэтую працу прэс-службе. Натуральна, у палітыкаў час распісаны па хвілінах, і, тым ня меньш, больш прывабным было пісаць хаця б частку артыкулаў самому, каб у стылі адчуваўся дотык асобы, з эмоцыямі й недасканаласьцямі.

Ну што ж, што атрымаецца — пакажа будучае.

На 27 ліпеня нечакана вялікая колькасьць інтэрнэт-жыхароў вывесіла свае віншаваньні з Днём Незалежнасьці. Найбуйнейшыя гарадзенскія блёгі s13.ru, blog.grodno.net, плойма карыстальнікаў, сярод якіх такія вядомыя ў беларускім ЖЖ асобы як ziankovich, wal-de-maar ды шмат іншых павіншавалі карыстальнікаў ЖЖ са сьвятам, якое вось ужо больш за 10 год фактычна забаронена ў Беларусі.

Абсалютную цікавасьць блёгасфэры за апошні тыдзень выклікалі перастаноўкі ва ўрадзе і нават ідэя вырошчваць у нашае краіне апэльсыны й іншую трапічную садавіну. ЖЖысты прасачылі стандартную ўзаемазалежнасьць — чым горай сытуацыя ў краіне, тым больш становіцца голасных заяваў ды пражэктаў. І гэта на тле пошуку “свайго шляху”. Сьмешна, таварышы. Паліттэхналёгіі яшчэ нікто не скасаваў, лёгіку масаў — таксама.

Новы спалах параноі КДБ фіксуе valery_brest_by у сваіх нататках пра мінулае КДБ. Свае згадкі ён увязвае з шэрагам перасоўваньнў у вышэйшым кіраўніцтве гэтае арганізацыі, публікацыяй скандальных інтэрвью з Сухаранкам “Народнай воляй” ды арыштамі моладзевых актывістаў перад сьвяткаваньнем Дню Незалежнасьці.

І нарэшце ў Сеціве з’явілася цікавая інфармацыя наконт небясьпекі Скайпу, якім карыстаецца большасьць беларускіх інтэрнаўтаў. Артыкул можна знайсьці ТУТ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)