Общество
Eolonir

Благасфэра пра Менск ды беларускую гісторы

Найболей папулярнай тэмай мінулага тыдню стаў допіс амэрыканца на minsk_by. Нават занадта папулярнай, як на памкненьне беларусаў выглядаць сапраўднымі эўрапейцамі. А эўрапейцаў, як вядома, амэрыканцам не зьдзівіць. Нават калі пачнуць размаўляць на мясцовай мове – у нашым выпадку па-расейску.

Сам допіс ня блішча нейкай адметнасьцю: уражаньні іншаземца ад Менску, як станоўчыя, так і адмоўныя. Такіх багата на найбуйнейшай беларускай суполцы, аднак збольшага ад расейцаў. Але што ўразіла, дык гэта менавіта рэакцыя інтэрнаўтаў на расейскамоўнага амэрыканца, якую можна падсумаваць як “наляцелі бы студэнты на халяву”. Болей за трыста камэнтароў – нават пост пра “жывы шчыт” у свой час не прыцягнуў столькі ўвагі. А, па шчырасьці, мне асабіста было вельмі непрыемна як ад манэры камэнтаваньня, якая пакідала жадаць лепшага ў ветлівасьці, так і за хуткі пераход на ангельскую мову тады, калі нешматлікія ўкраінскамоўныя допісы на minsk_by адразу спатыкаюцца з камэнтарам, што нагадваюць пра “толькі дзьве афіцыйныя мовы суполкі”.

Дарэчы, другая цікавая дыскусія гэтага тыдню разьгарнулася на блогу брытыйскага амбасадара сп. Найджала Гулд-Дэвіса. Блог ня новы, існуе недзе паўгады й выкарыстоўваецца гаспадаром збольшага дзеля задаваньня пытаньняў чытацтву. Гэтым разам апошняе было пра кнігі, якія варта пачытаць, каб даведацца болей пра гісторыю Беларусі (Арлоў, Караткевіч ды Быкаў не засталіся па-за ўвагай камэнтатараў, якія пакінулі каля 20 адказаў выключна па тэме, што ўласна дзіўна для беларускай благасфэры), ды пра тэмы, якія брытанская амбасада мусіла б шырэй асьвятляць для беларускага грамадзтва. Так што, калі ў некага ёсьць прапановы – калі ласка. Часьціня допісаў на блогу – недзе раз на два тыдні.

Трэцяй тэмай сталася апытаньне пра гарады, якія мы ня любім. Як выйшла, ня любяць болей за ўсё Маскву. З прычынаў гэтага зазначылі маскоўскае хамства ды агульную няўтульнасьць, як і тое, што зь нейкага часу нелюбоў да расейскае сталіцы пераўтварылася ў моду для беларусаў. У прынцыпе, як і для жыхароў правінцыйных расейскіх местаў. Наштурхоўвае на пэўныя думкі.

Яшчэ некалькі цікавых дыскусыяў ды постаў:

Шапікі. Аўтарка падлічвае, колькі народу згубіла працу праз знос шапікаў з прыпынкаў, ды аналізуе, ці сапраўды Менск ад гэтага мецьме нейкі зыск апроч гіпатэтычнага архітэктурнага хараства.

У падтрымку Франака Вячоркі ды Івана Шылы. Барысаўскі палітык Сяргей Салаш узгадвае свой уласны вайсковы досьвед ды камэнтуе, для каго ў сучаснай РБ можа не знайсьціся месца ў войску.

Вот такие дела творятся в столице. Цікавы матэрыял пра тое, як убачыла мітынг увёсну 1996 года натымчас незаангажаваная ў палітыку дзяўчына.

ЖЖ ад Мікалая ІІ. Рарытэтныя фотаздымкі адведзінаў Бярэзіны ды Бабруйску апошнім расейскім імпэратарам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)