Общество
Eolonir

Благасфэра пра дапамогу для беспрацоўных

Найцікавейшай тэмай мінулага тыдня, як мне падаецца, зьяўляецца абмеркаваньне блогерамі словаў міністра працы ды сацыяльнае абароны сп. Уладзімера Патупчыка, якія заявіў, што выступае супраць падвышкі дапамогі для беспрацоўных, бо гэта можа спрычыніцца да росту гэтага самага беспрацоўя ў краіне. Аўтар аднаго з групавых блогаў на ЖЧ, які камэнтуе па эканамічных пытаньнях, вырашыў зьвярнуцца да міністра з просьбай болей падрабязна патлумачыць сваю пазыцыю, а таксама запрасіў усіх камэнтатараў выкладаць свае пытаньні да сп. Патупчыка.

Як высьветлілася, пытаньняў да міністра назапасілася шмат: пачынаючы ад стаўленьня да разьмеркаваньня на прадпрыемствы, што працуюць тры гадзіны на тыдзень, і да памеру дапамогі па беспрацоўі ды прапановы выдаваць частку дапамогі прадуктамі харчаваньня тым, хто схільны грошы прапіваць. Адзін з камэнтатараў выказаў меркаваньне, што сучасны памер дапамогі ў 45 000 рублёў настолькі, мякка кажучы, неістотны, а яго атрыманьне абстаўленае такімі ўмовамі, што па яго й зьвяртацца няма сэнсу. Гэты спрычыняецца да няўліку большае часткі прытоеных беспрацоўных. У выпадку ж падвышэньня памеру дапамогі гэтыя людзі мелі б большую нагоду зьвяртацца па грошы, што выглядала б як раптоўная хваля беспрацоўя для ахвіцыйнае статыстыкі.

Напачатку тыдню блогер yarik выклаў пост (ангельскай мовай) пра выдаленьне свайго сайту й блогу адной беларускае праваабарончае групы амэрыканскім хостэрам толькі на той падставе, што ўладальнікі рэсурсаў зьяўляюцца грамадзянамі краіны, супраць якой амэрыканскі ўрад ужывае санкцыі. Натуральна, гэта зьяўляецца хутчэй выключэньнем для ЗША, але блогер ня мае намеру пакідаць гэта без увагі й, апроч міграцыі да новага правайдэра, хоча прыцягнуць грамадзкую ўвагу да факту пашыранага тлумачэньня санкцыяў некаторымі амэрыканскімі кампаніямі.

Паведамленьне сайта www.interfax.by  са спасылкай на сьпявачку Дыяну Гурцкую пра зьмену грузінскім гуртам скандальнага тэксту песьні, што яны маюць прывезьці на “Эўравізію” ў Маскву (нагадаю, яе назва "We Don't Wanna Put In", якая перакладаецца з ангельскай прыблізна як “Мы ня хочам заглыбляцца”, выклікала асацыяцыі з Уладзімерам Пуціным), атрымала працяг у блогах. Еlenalebedeva паведамляе з спасылкай на аднаго з выканаўцаў, што ніякіх размоваў што да зьмены тэксту не вялося й песьню будуць выконваць у ейным першапачатковым выглядзе.

Ну й на заканчэньне проста цікавы факт: беларускі блогер meramo выклаў у сябе сьпіс навінавых сайтаў з найбольшай у сьвеце наведвальнасьцю (выкарыстоўваліся два крытэры: колькасьць штодзённых непаўторных наведвальнікаў ды час, прабаўлены на сайтах). Як і чакалася, амаль усе яны належаць да ангельскамоўнага абшару.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)