Общество
Eolonir

Благасфэра пра бэнзін ды палітычных вязьняў

Блогеры занепакоеныя ростам цэнаў на бэнзін. За апошнія гады аўтамабілісты звыкліся з думкай, што за мяжой паліва стабільна каштуе даражэй за нас, нягледзячы на тое, што па іншых пазыцыях, як вопратка, ежа, тэхніка, Беларусь ужо даўно не зьяўляецца самай таннай. Таму зьвесткі пра тое, што паліва зараз у Летуве каштуе таньней, чым у сінявокай, былі ўспрынятыя кімсьці са скепсісам, кімсьці — зь недаверам. Але сьведкі даводзяць, што так і ёсьць.

Самай актыўнай дыскусыяй апошняга тыдня сталася абмеркаваньне абмежаваньняў на продаж валюты юрыдычным асобам, курсу даляру на “Малінаўцы”, які сягаў да 2500, ды кошту бэнзіну ў Летуве. Найбольшая ўвага надавалася менавіта паліву: па сьцьверджаньнях аднаго з камэнтатараў, ён надоечы заправіўся “95-м” за 2440 за літар у пераліку на беларускія рублі. Натуральна, наўмысна ў Летуву па паліва не паедзеш: адзін кошт візы перакрые ўвесь зыск, ды й дарога таксама не бясплатная. Але ў вачах людзей гэта выглядае як самы пераканаўчы аргумэнт супраць сучаснай паліўнай палітыкі.

На суполцы by_politics найболей увагі выклікаў допіс пра акцыю салідарнасьці з Аляксандрам Баразенкам. Як трапна выказалася адна камэнтатарка, “людзей не кранае болей чужы боль”: бальшыня камэнтараў кпілі з акцыі й раілі арганізатарам ладзіць нешта болей крэатыўнае.

Другая актыўная дыскусыя апошняга тыдня закруцілася навокал адказу anei_aka_kirian наконт вывешваньня беларускага сьцяга да ўгодкаў польскай незалежнасьці. Паводле словаў удзельнікаў “Ініцыятывы”, яны намагаліся такім чынам падкрэсьліць, што “час беларускай свабоды яшчэ наперадзе, але ён абавязкова прыйдзе”. Камэнтатары ж не зразумелі, чаму беларускі сьцяг вывешваўся да польскіх угодкаў; некаторыя дайшлі да закідаў, што, магчыма, арганізатары нават пераблыталі сьцягі. І гэтым разам допіс атрымаў крытычны адказ: бальшыня удельнікаў дыскусыі ня верыла, што палякі неабыякавыя да таго, што адбываецца ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)