Общество
Eolonir

Благасфэра пра беларусізацыю МТС ды кошты арэнды кватэры

Актывісты грамадзкай кампаніі “МТС па-беларуску” перадалі ў галоўны офіс мабільнага апэратара ў Менску каля дзьвюх з паловаю тысячаў подпісаў за беларусізацыю паслугаў кампаніі (у прыватнасьці, гаворка была пра стварэньне беларускамоўных інтэрфэйсаў “Інтэрнэт-памочніка” ды аўтыматычнай службы падтрымкі). Арганізатары кажуць, адказны па сувязях з грамадзкасьцю прыняў подпісы з удзячнасьцю, але паведаміў, што ў кампаніі на дадзены момант няма грошай на рэалізацыю падобнага праэкту. Тым ня меней, паводле ягоных словаў, кампанія будзе намагацца вырашыць гэтую праблему як мага хутчэй, хаця пераклад давядзецца зрабіць самім актывістам.

Абмеркаваньне навіны на суполцы by_mova выклікала скептычныя заўвагі наконт адсутнасьці сродкаў: маўляў, кампанія, якая мае болей за чатыры мільёны абанэнтаў, ня можа знайсьці некалькі соцень даляраў на перакладніка. Хутчэй за ўсё, МТСу папросту гэтага ня трэба (бо беларускі закон аб мовах дазваляе карыстацца толькі адной дзяржаўнай замест абедзьвюх, як у іншых краінах з падобным становішчам), а нейкія крокі наперад кампанія гатовая зрабіць будзе толькі тады, калі памкненьне да беларускае мовы будзе сапраўды масавым. Зараз жа, на вялікі жаль, гэтага не назіраецца.

Найболей папулярнай тэмай на minsk_by за апошнія пяць дзён стала прапанова нібыта забараніць продаж алькагольных напояў у рэстарацыях і клюбах пасьля дваццаць другой гадзіны. Неістотна, што аўтар “чуў пра гэтую прапанову па радыё”: алькагалізацыя насельніцтва ўяўляе сабой сапраўдную праблему для Беларусі. Мы спажываем нават ня восем літраў чыстага алькаголю штогод (паводле крытэру ААН, за гэтай рысай пачынаецца дэградацыя нацыі), а болей за дванаццаць. Праўда, як паказвае практыка, адвучыць ад пляшкі сухім законам яшчэ ні ў кога ня выйшла: народ проста пераходзіць на самавырабы. І яшчэ пытаньне, ці варта прымаць такія захады дзеля пстрычкі, калі ў любой краме можна набыць што заўгодна, пачынаючы ад танных няякасных він па два даляры за пляшку, якіх у нас вырабляецца процьма? Можа, варта скарачаць не гадзіны продажу, а аб’ём вырабу, які ў нас пераскоквае за ўсе разумныя граніцы?

Тэма з арэндай за кватэру застаецца ўсё яшчэ папулярнай. Вось тутака блогеры прыйшлі да высновы, што, калі гаспадары ня прагнуць зьніжаць чынш, то лепей ня скардзіцца на форумах, а адразу пачынаць шукаць сабе новае жытло, бо яно сапраўды патаньнела. У выпадку, калі пры размове вы мецьмеце ў якасьці аргумэнтаў ня толькі крызу, але знойдзенае таньнейшае жытло, то гаспадары пойдуць вам насустрач: шукаць новых арандатараў на тую самую плату – галаўны боль, якога сабе ня кожны пажадае.

Блогер nescerka піша пра Беларускі Гельсінскі Камітэт:“БХК начинает действовать в рамках какого-то подспудного контракта с властью, которая позволяет […] существовать в стране легально”. На гэта, кажа блогер, паказваюць выказваньні сп. Гулака датычна справаў Паляковай ды Дубскага.  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)